MAP

Нікейскі Сабор Нікейскі Сабор 

Нікейскі Сімвал веры – аснова хрысціянскай ідэнтычнасці

3 красавіка 2025 года Міжнародная тэалагічная камісія абнародавала дакумент, прымеркаваны да 1700-годдзя Нікейскага Сабора (325–2025). У ім падкрэсліваецца гістарычнае і духоўнае значэнне Сімвала веры.

Марыя Валодзіна - Vatican News

20 мая 2025 года ўвесь хрысціянскі свет будзе адзначаць 1700-годдзе Першага Сусветнага Сабора, які адбыўся ў Нікеі ў 325 годзе. Гэта падзея стала паваротным момантам у гісторыі хрысціянства. Сабор сфармуліраваў Нікейскі Сімвал веры, які вызначыў асновы хрысціянскага вучэння. З нагоды гэтай важнай гадавіны Міжнародная тэалагічная камісія апублікавала 70-старонкавы дакумент “Езус Хрыстус, Сын Божы, Збаўца. 1700-годдзе Нікейскага Сусветнага Сабора (325–2025)”.

Дакумент быў распрацаваны групай святароў і тэолагаў пад кіраўніцтвам ксяндза Філіпа Валена. Тэкст зацвердзіў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, які, з дазволу Папы Францішка, 16 снежня 2024 года афіцыйна ўхваліў яго публікацыю.

Тэкст складаецца з прадмовы “Даксалогія, тэалогія і абвяшчэнне”, чатырох раздзелаў, кожны з якіх разглядае розныя аспекты Сімвала веры, і заключэння.

Новы імпульс на шляху да адзінства хрысціян

Першы раздзел “Сімвал для збаўлення: даксалогія і тэалогія нікейскага догмату” (пункты 7–47) прапануе “даксалагічнае прачытанне Сімвала веры, каб вылучыць яго сатэрыялагічныя, а значыць, хрысталагічныя, трынітарныя і антрапалагічныя рэсурсы”, каб “надаць новы імпульс падарожжу да адзінства хрысціян”.

Падкрэсліваючы экуменічнае значэнне Нікейскага Сабора, дакумент выказвае спадзяванне на ўсталяванне агульнай даты святкавання Вялікадня, пра што неаднаразова казаў Папа Францішак. У пункце 43 адзначаецца: 2025 год дае ўсім хрысціянам неацэнную магчымасць падкрэсліць, што аб'яднаўчыя фактары значна мацнейшыя за тыя, якія нас раздзяляюць. Мы ўсе верым у Бога-Тройцу, у Хрыста – сапраўднага чалавека і Бога, у збаўленне праз Езуса Хрыста, згодна са Святым Пісаннем, якому вучаць у Касцёле і пад кіраўніцтвам Святога Духа. Усе мы верым у Царкву, хрост, уваскрасенне мёртвых і вечнае жыццё.

Такім чынам, як гаворыцца ў пункце 45, рознагалоссі хрысціян адносна найважнейшага свята ствараюць душпастырскія цяжкасці ў супольнасцях, падзелы ў сем’ях, а таксама адмоўнае ўражанне сярод нехрысціян, шкодзячы такім чынам сведчанню Евангелля.

Сімвал веры ў жыцці вернікаў

Другі раздзел дакумента “Сімвал Нікеі ў жыцці вернікаў” (пункты 48–69) даследуе ўплыў Сабора на штодзённае хрысціянскае жыццё: на літургію, малітвы, казанні, катэхезацыю. “Мы верым так, як хрысцімся; і молімся так, як верым”, - нагадвае дакумент, заклікаючы чэрпаць з гэтай “крыніцы жывой вады”, чый багаты дагматычны змест меў вырашальнае значэнне для ўсталявання хрысціянскай веры.

Нікейскі Сабор як тэалагічная і касцельная падзея

Трэці раздзел “Нікея як тэалагічная і касцельная падзея” (пункты 70-102) паглыбляе аналіз таго, як Сімвал веры і Нікейскі Сабор сведчаць аб тым, што прыход Езуса Хрыста адкрывае чалавецтву нечуваны доступ да Бога і пераменьвае чалавечае мысленне, а таксама як Сімвал веры і Сабор паўплывалі на структуру і місію Касцёла.

Сабор быў скліканы імператарам для вырашэння мясцовага канфлікту, які распаўсюдзіўся на ўсе Цэрквы Усходняй Рымскай імперыі і Захаду. Ён быў першым саборам, на якім сабраліся біскупы з усяго свету (айкумены). На Саборы былі прыняты асновы веры і кананічныя рашэнні, якія сталі абавязковымі для ўсяго Касцёла. Нябачныя да гэтага часу супольнасць і адзінства ўсіх, хто верыць у Езуса Хрыста, сталі бачнымі і сапраўднымі, дзякуючы новай структуры, якая мае ўніверсальны маштаб. Касцёл таксама атрымаў новы інструмент улады, не бачнай раней, каб абвяшчаць Добрую Навіну пра Хрыста ва ўсёй яе велічы. (пункт 101).

Вера, даступная простым людзям

У чацвёртым і апошнім раздзеле “Ахоўваць веру, даступную для ўсяго народа Божага” (пункты 103-120), падкрэсліваецца, што Касцёл тлумачыць праўду веры і ахоўвае вернікаў, асабліва самых малых і самых уразлівых.

Таксама ў гэтым раздзеле гаворыцца аб тым, што вера, якую прапаведваў Езус, не з’яўляецца спрошчанай, а хрысціянства ніколі не ўспрымалася як форма эзатэрыкі, даступнай толькі для эліты падрыхтаваных. Наадварот, Нікейскі Сабор (хоць і быў ініцыяваны імператарам Канстанцінам) стаў важным крокам на шляху да свабоды Касцёла (libertas Ecclesiae), які служыць гарантам абароны веры самых уразлівых ад палітычнай улады.

У 325 годзе Аб'яўленне стала даступным для ўсіх вернікаў, што пацвярджае каталіцкае вучэнне аб беспамылковасці ў веры народа Божага, народа ахрышчаных. Біскупы, хаця і адыгрываюць важную ролю ў вызначэнні веры, не могуць выконваць яе без узаемадзеяння з усім святым народам Божым, дарагім сэрцу Папы Францішка.

Значэнне Нікейскага Сабора для сучаснасці

Заключная частка дакумента падкрэслівае, што вера, акрэсленая на Саборы ў Нікеі, застаецца актуальнай і сёння. Важнасць Сабора заключаецца ў тым, што ён працягвае натхняць людзей на любоў да Езуса Хрыста і нагадвае, што Хрыстус звязаў сябе з людзьмі назаўсёды. Дакумент заклікае хрысціян не адварочвацца ад праблем свету, быць асабліва ўважлівымі да самых уразлівых братоў і сясцёр, а таксама паказваць прыклад братэрства ў Касцёле, які з’яўляецца “адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім”.

20 мая 2025 года ў Папскім Урбаніянскім універсітэце ў Рыме пройдзе навуковая канферэнцыя з удзелам вядучых тэолагаў і даследчыкаў, прысвечаная вывучэнню дакумента “Езус Хрыстус, Сын Божы, Збаўца. 1700-годдзе Нікейскага Сусветнага Сабора (325–2025)”.

03 красавіка 2025, 12:40