“Насенне міру і надзеі” – тэма Дня малітвы аб ахове стварэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Тэмай 2025 года – года Юбілею і дзясятай гадавіны публікацыі энцыклікі “Laudato si’” – з’яўляецца “мір са стварэннем”, а ў якасці біблійнай асновы для ініцыятывы быў абраны ўрывак з Кнігі прарока Ісаі (32,14–18), у якім, між іншым, гаворыцца, што “плёнам справядлівасці будзе мір”.
Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падкрэсліла, што ў вучэнні Папы Францішка і яго нядаўніх папярэднікаў сувязь паміж мірам і аховай стварэння вельмі цесная. Гэтак жа вельмі цесная сувязь паміж вайной і гвалтам, з аднаго боку, і дэградацыяй агульнага дома і стратаю рэсурсаў праз разбурэнні і ўзбраенне – з другога.
“Пасланне заклікае маліцца аб стварэнні ўмоў для міру – трывалага і пабудаванага разам, які дае надзею. Метафара насення паказвае на неабходнасць доўгатэрміновых дзеянняў. У пасланні адлюстраваны прыклады перадавога вопыту і насення міру і надзеі з розных кантынентаў”, - гаворыцца ў камюніке ватыканскага ведамства.