Літургія Мукі Пана: Хрыстус – якар нашай надзеі
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваёй гаміліі айцец Пазаліні адзначыў, што Вялікая пятніца – не параза, а парадаксальная перамога. Ён заклікаў паразважаць над таямніцай Крыжа як вышэйшай праявы любові, якая супрацьстаіць разліку і алгарытмам штучнага розуму. Крыж Езуса прапануе чалавеку свабоду сапраўднага выбару, заснаванага не на моцы ці эфектыўнасці, а на ахвярнай любові.
Цытуючы Пасланне да Габрэяў, прапаведнік адзначыў: “Хрыстус у дні свайго цела з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы” (Гбр 5, 7) і быў пачуты не таму, што пазбег пакут, а таму, што прыняў Муку ў поўным даверы да Айца.
Айцец Пазаліні нагадаў, што, выходзячы насустрач жаўнерам у Гефсіманскім садзе, Езус кажа: “Гэта Я!" (Ян 18, 5). На крыжы Ён пакорліва просіць “Прагну” (Ян 19, 28), паказваючы сваю залежнасць ад іншых і гатоўнасць прыняць любоў. І, нарэшце, апошнім словам Хрыста стала “Здзейснілася!" (Ян 19, 30) – не роспач, а разуменне здзяйснення Місіі.
Прапаведнік нагадаў, што Папа Францішак называе Хрыста “якарам нашай надзеі” (Гбр 6, 19). Прыняць крыж – значыць зрабіць адзіны правільны выбар. Ён заклікаў вернікаў не проста ўдзельнічаць у літургіі ў Вялікую пятніцу, але абнавіць сваю надзею на збаўчую любоў Айца і свядома прыняць Крыж як спосаб збаўлення. Нават калі нам бракуе моцы, Святы Дух напаўняе нас любоўю. Мы здольныя любіць нашых сяброў, родных і нават ворагаў, таму што Бог першы палюбіў нас (1 Ян 4, 19), - падкрэсліў айцец Пазаліні.