MAP

Развітанне з Папам Францішкам: няспынны паток вернікаў

Зала Друку Святога Пасада паведаміла пра вынікі другой генеральнай кангрэгацыі кардыналаў і колькасць вернікаў, якія прыйшлі развітацца з Папам Францішкам.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Другая генеральная кангрэгацыя праходзіла ў Ватыкане 23 красавіка 2025 года з 17.00 да 18.30. У ёй прынялі ўдзел 103 кардыналы. Пасяджэнне пачалося малітвай “Veni, Sancte Spiritus”, пасля якой іерархі памаліліся аб вечным супакоі для Папы Францішка.

Кардыналы, якія не бралі ўдзел у першай кангрэгацыі, склалі прысягу верна прытрымлівацца нормаў Апостальскай канстытуцыі “Universi Dominici Gregis”, якая датычыцца перыяду “Sede Vacante” і абрання новага Пантыфіка.

На нарадзе быў зацверджаны расклад “Novemdialis” – Імшаў, якія на працягу дзевяці дзён будуць цэлебравацца аб супакоі душы Папы Францішка з удзелам розных груп вернікаў.

Паведамляецца, што да суботы, 26 красавіка, кожны дзень у 21.00 перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ будзе праводзіцца ружанцовая малітва аб вечным супакоі для Святога Айца.

Адзначаецца таксама, што з 11.00 да 19.30 развітацца са Папам Францішкам прыйшлі каля 20 тысяч чалавек. 2200 журналістаў і работнікаў СМІ ўжо былі акрэдытаваныя для асвятлення падзей бліжэйшых дзён. Усяго было пададзена каля 4 тысяч просьбаў.
 

23 красавіка 2025, 21:21