Кардыналы зацвердзілі расклад Імшаў за спачылага Пантыфіка
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Першай з гэтых эўхарыстычных цэлебрацый стане пахавальная Імша, якую 26 красавіка ў 10.00 будзе цэлебраваць на Плошчы Святога Пятра кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў.
Другую Імшу – 27 красавіка ў 10.30 – узначаліць кардынал П’етра Паралін, былы Дзяржсакратар. На ёй збяруцца супрацоўнікі ватыканскіх структур і жыхары Ватыкана. У літургіі, якая адбудзецца на галоўнай ватыканскай плошчы, возьме ўдзел таксама моладзь, што прыбудзе ў Рым на Юбілей падлеткаў.
Наступныя сем Імшаў будуць праходзіць а 17.00 у Базіліцы Святога Пятра. 28 красавіка, цэлебрацыю ўзначаліць кардынал Бальдасарэ Рэйна, Генеральны вікарый для Рымскай дыяцэзіі. На ёй збяруцца вернікі Рыма.
Чацвёртую Імшу, 29 красавіка, будзе цэлебраваць кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр Базілікі Святога Пятра. Разам з ім будуць маліцца члены капітулаў папскіх базілік.
На пятай Імшы, якая пройдзе 30 красавіка, збяруцца кардыналы. Яе ўзначаліць віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Леанарда Сандры. У шосты дзень, 1 мая, на малітву за Папу збяруцца кіраўнікі і супрацоўнікі структур Рымскай курыі. Літургію ўзначаліць кардынал Кэвін Фарэл, камерленга Святога Рымскага Касцёла.
2 мая маліцца за спачылага Святога Айца будуць духавенства і вернікі Усходніх Цэркваў. Імшу ўзначаліць кардынал Клаўдыё Гуджэроці, былы прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
У восьмы дзень, 3 мая, адбудзецца Імша, на якой збяруцца кансэкраваныя асобы. Яе будзе цэлебраваць кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ, былы прапрэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.
На апошнюю, дзявятую Імшу, зноў збяруцца кардыналы. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліць кардынал Дамінік Мамбэрці, протадыякан Калегіі кардыналаў.