MAP

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю Хён-сік Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю Хён-сік  (ANSA)

Кардынал Ю: таямніцы паклікання ўласцівы радасць і споўненае жыццё

Распазнанне паклікання – гэта пазнанне самаго сябе і для чаго я створаны, - нагадаў прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, кардынал Лазарус Ю Хён-сік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 красавіка 2025 года ватыканскі іерарх прыняў удзел у рымскай прэзентацыі кнігі “Шчаслівыя пакліканні. Інтэграцыя сексуальнай арыентацыі, любові і адносін” (Vocazioni felici. Integrare orientamento sessuale, affetti e relazioni). Яе аўтар – італьянскі псіхатэрапеўт, дарадчыца Дыкастэрыі па справах духавенства і эксперт судовых устаноў Святога Пасаду К’яра Д’Урбана.

Даследчыца звяртаецца да мужчын і жанчын, якія жадаюць па-сапраўднаму і шчасліва жыць сваім пакліканнем, раскрываючы патэнцыял сваёй чалавечнасці, будучы сталымі людзьмі ў сферы пачуццяў і эмоцыі.

Прадмову да кнігі напісаў Папа Францішак, які адзначыў, што “казаць пра пакліканні і звяртацца да пакліканняў – значыць набліжацца да радасцяў і цярпенняў служэння, якое часта не цэніцца”. “Але свет мае патрэбу ў тым, каб чуць пра Бога, сустракаць і распазнаваць сведкаў любові, якая прымае, прабачае, не расчароўвае, не ідзе за модай часу – любові назаўжды і да ўсіх, усіх, усіх”, - дадаў Святы Айцец.

Прэфект Дыкастэрыі адзначыў, што аўтар кнігі “разглядае таямніцу паклікання глыбока і далікатна, вяртаючы ёй уласнае аблічча – аблічча радасці, паўнаты, напоўненага жыцця”. Кардынал Ю падкрэсліў, што пакліканне не з’яўляецца “адмовай ад шчасця”, а, наадварот, “яго сапраўдным спаўненнем”. Распазнанне ж паклікання азначае адкрыццё таго, кім я з’яўляюся насамрэч і для чаго быў створаны, - дадаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Ю адзначыў, што праца з пакліканнямі датычыцца не толькі фармацыі святароў, але і “вучняў-місіянераў - споўненых мужчын і жанчын”. Рэалізацыя кожнага паклікання – гэта “выключнае і асабістае падарожжа, якое павінна суправаджацца з павагай, далікатнасцю і глыбокай праніклівасцю” і непарыўна звязана з “поўнай інтэграцыяй псіха-афектыўнай сталасці”.

У заключэнне прэфект ахарактарызаваў кнігу як “заклік да ўсяго Касцёла” стварыць асяроддзе, якое спрыяе распазнанню паклікання праз культуру слухання і сустрэчы. У такім асяроддзі маладыя людзі змогуць задаваць сапраўдныя пытанні і адкрываць для сябе прыгажосць жыцця, якое становіцца дарам, з’яўляецца цэласным і рэалізаваным, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства.
 

10 красавіка 2025, 11:34