MAP

Кардынал Рэ: падзякуем Богу за дар служэння Папы Францішка

Увечары 22 красавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане кардынал Джавані Батыста Рэ ўзначаліў вечаровую малітву Ружанца аб вечным супакоі для Папы Францішка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Адчуваючы ў нашых сэрцах заклік: “Не забывайцеся маліцца за мяне”, які мы шмат разоў чулі ад Папы Францішка, гэтым вечарам мы хочам памаліцца за яго”, - сказаў дэкан Калегіі кардыналаў ва ўступе да малітвы, у якой узялі ўдзел сотні вернікаў, святароў і кансэкраваных асоб.

Іерарх нагадаў, што для тых, хто верыць ва ўваскрасенне Хрыста, смерць – гэта не брама, якая зачыняецца, але “ўваход у нябесны Ерузалем, дзе плач пераўтвараецца ў танец”. Кардынал Рэ заклікаў прысутных “падзякаваць Пану за дары, дадзеныя ўсяму Касцёлу праз апостальскае служэнне Папы Францішка, пілігрыма надзеі, якая не падводзіць”.

Малітва Ружанца праходзіла перад копіяй старажытнага абраза Марыі, Маці Касцёла, усталяванай перад ватыканскай базілікай, як і падчас штодзённых вечаровых малітваў у перыяд шпіталізацыі Святога Айца.

На заканчэнне малітоўнай сустрэчы кардынал Рэ нагадаў, што Папа Францішак быў сапраўдным сведкам Пана і Яго ласкавасці да малых і бедных, міласэрнасці да грэшнікаў і добразычлівасці да ўсіх.
 

23 красавіка 2025, 12:22