Кардынал Краеўскі даставіў ва Украіну чарговы дар ад Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Напярэдадні велікодных святаў Апостальскі элемазінарый даставіў у змучаную бамбардзіроўкамі і ракетнымі абстрэламі краіну чарговы дар ад Папы – чатыры машыны хуткай дапамогі, аснашчаныя сучасным медыцынскім абсталяваннем. У гэтай місіі іерарху дапамагалі трое ўкраінскіх кіроўцаў. Аўтамабілі прызначаныя для ратавання жыцця людзей у зонах баявых дзеянняў.
У каментары для “Vatican News” кардынал Краеўскі паведаміў, што разам з машынамі хуткай дапамогі ва Украіну будуць дастаўлены лекі на агульную суму звыш 200 тысяч еўра. Яны былі сабраныя ў Неапалі ў рамках акцыі “Farmaco sospeso – Лекі для кагосьці”. “Людзі, купляючы лекі, набывалі таксама нешта на патрэбы пацярпелых ва Украіне”, - патлумачыў прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.
Падчас свайго гуманітарнага падарожжа кардынал Краеўскі сустрэнецца з людзьмі, якія пакутуюць ад наступстваў вайны, каб памаліцца разам з імі і выказаць ім блізкасць Святога Айца.
Іерарх падкрэсліў, што Пантыфік заўсёды памятае пра змучаную Украіну і няспынна нагадвае пра яе пакуты падчас малітвы “Анёл Панскі” і ў іншых закліках да міру. Ён адзначыў, што яго дзясятая місія ў гэту краіну адбываецца ў Юбілейны год, прысвечаны надзеі, першым знакам якой павінен стаць мір. “Патрэба ў міры – гэта выклік для ўсіх, які патрабуе рэалізацыі канкрэтных праектаў”, - дадаў папскі элемазінарый.