MAP

Дырэктар ASIF Кармела Барбагала Дырэктар ASIF Кармела Барбагала  

Святы Пасад умацоўвае сістэму фінансавага кантролю

Гадавая справаздача Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Святога Пасада (ASIF) за 2024 год дэманструе істотныя змены ў падыходзе да барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, дзе галоўным стала не колькасць, а якасць кантролю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Упраўленне апублікавала сваю справаздачу за 2024 год, якая сведчыць пра значны прагрэс у барацьбе з фінансавымі злачынствамі. Хоць колькасць паведамленняў аб падазронай дзейнасці знізілася з 123 у 2023 годзе да 79 у 2024 годзе, гэта адлюстроўвае не аслабленне кантролю, а наадварот – удасканаленне працэсу адбору выпадкаў для паведамлення. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца рост унутранага і міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама павелічэнне колькасці прэвентыўных мер, прынятых у 2024 годзе.

Геаграфічная рызыка – ключавы элемент фінансавай бяспекі

Важнай інавацыяй стаў падзел паведамленняў на тыя, што маюць сапраўдныя паказчыкі анамаліі, і тыя, што звязаны выключна з юрысдыкцыямі высокай рызыкі. Гэта дэманструе асаблівую ўвагу ASIF да "геаграфічнай рызыкі" – вырашальнага элемента для эфектыўнасці сістэмы барацьбы з адмываннем грошай у юрысдыкцыі, дзе адзіная фінансавая ўстанова мае місію служэння Касцёлу ва ўсім свеце. Пры гэтым ASIF пацвярджае, што ніводнае з паведамленняў, звязаных з геаграфічнай рызыкай, не прывяло да перадачы справаздачы ў пракурорскія органы.

Ватыканскі банк – надзейная і добра арганізаваная ўстанова

Інстытут рэлігійных спраў (IOR), вядомы пад назвай “Ватыканскі банк”, таксама атрымаў станоўчую ацэнку ў справаздачы. На працягу 2024 года ASIF ажыццяўляла пастаянны нагляд за яго дзейнасцю, удасканаліўшы "Працэс прудэнцыяльнага агляду і ацэнкі" і ўвёўшы абавязак публікаваць інфармацыю аб экалагічных, сацыяльных і карпаратыўных рызыках. Дырэктар ASIF Кармела Барбагала ў сваім лісце адзначыў, што IOR пацвярджае рэпутацыю надзейнай і добра арганізаванай установы.

35 з 39 рэкамендацый Moneyval выкананы на высокім узроўні

Значным дасягненнем стаў і станоўчы вынік праверкі з боку Камітэта Moneyval Савета Еўропы. Падчас 67-й Пленарнай сесіі ў маі 2024 года было прынята рашэнне аб паляпшэнні ўсіх трох рэкамендацый, па якіх была запытана новая ацэнка. На дадзены момант Святы Пасад дасягнуў ацэнкі поўнай або высокай адпаведнасці па 35 з 39 прымяняльных рэкамендацый, што сведчыць пра эфектыўнасць прынятых мер.

Выяўленне незаконных грошай – прыярытэтная задача

Як падкрэсліў Барбагала, асаблівую важнасць маюць дзве сферы дзейнасці ASIF: здольнасць садзейнічаць выяўленню шляху грошай, атрыманых у выніку злачынстваў, і ўклад у прадухіленне магчымых з'яў адмывання грошай і выкарыстання незаконных сродкаў ватыканскімі ўладамі і юрыдычнымі асобамі.
 

09 красавіка 2025, 12:06