MAP

Айцец Раберта Пазаліні падчас першага казання Вялікага посту ў Ватыкане Айцец Раберта Пазаліні падчас першага казання Вялікага посту ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Замацаваныя ў Хрысце: першае казанне Вялікага посту 2025 года

Айцец Раберта Пазаліні распачаў серыю велікапосных разважанняў на тэму "Замацаваныя ў Хрысце". Ён заклікаў вернікаў укараніцца ў надзеі новага жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прапаведнік Папскага дома 21 сакавіка 2025 года прамовіў першае казанне Вялікага посту ў Ватыкане. Тэма разважанняў – "Замацаваныя ў Хрысце – укаранёныя і ўмацаваныя ў надзеі новага Жыцця".

У пачатку айцец Пазаліні звярнуўся да прысутных са словамі прывітання: "Браты і сёстры, няхай Пан дасць вам супакой. Звернемся з сардэчным прывітаннем да Святога Айца, які пакуль не можа быць з намі – спадзяёмся, што хутка зможа – і працягваем запэўніваць яго ў нашых малітвах".

Разважаючы над тэмай "Замацаваныя ў Хрысце", прапаведнік падкрэсліў важнасць трох духоўных рухаў, якія закранаюць глыбіню духоўнага жыцця вернікаў. Першы з іх – здольнасць адмовіцца ад сябе дзеля іншага, якая выяўляецца ў жаданні пакінуць цэнтр уласнага эга і адкрыцца на рэальнасць іншага чалавека. Езус, уваходзячы ў воды Іардана, паказвае прыклад поўнага пагружэння ў чалавечую крохкасць і гісторыю, вучачы нас будаваць сапраўдную еднасць нават у складаных і праблематычных сітуацыях.

Другі рух – пастаяннае практыкаванне навяртання, якое не зводзіцца да маральнай змены, але становіцца глыбокім пераўтварэннем спосабу бачання, меркавання і любові. Навяртанне – гэта заклік да ўнутранай праверкі, якая дапамагае вернікам асэнсаваць сваю сувязь з логікай Евангелля.

Вернікі падчас першага казання Вялікага посту ў Ватыкане
Вернікі падчас першага казання Вялікага посту ў Ватыкане   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Трэці рух – здольнасць заставацца ў рэальнасці, не хаваючыся ад яе і не спрабуючы яе ідэалізаваць. Езус у сваім хросце прымае ўсе напружанні і супярэчнасці жыцця, паказваючы, што толькі праз адкрытае сутыкненне з рэальнасцю можна адчуць прысутнасць Бога, які заўсёды побач.

Прапаведнік Папскага дома завяршыў сваё разважанне малітвай: "Святы Ойча, які ў хросце Твайго ўмілаванага Сына выявіў Тваю дабрыню да людзей, дай тым, хто адрадзіўся ў вадзе і Духу, жыць пабожна і справядліва ў гэтым свеце, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё. Праз Пана нашага Езуса Хрыста".

Серыя велікапосных разважанняў айца Раберта Пазаліні працягнецца ў наступныя тыдні Вялікага посту, дапамагаючы вернікам глыбей увайсці ў таямніцу жыцця Хрыста і падрыхтавацца да святкавання Вялікадня.

Варта адзначыць, што сёлета на казанні, якія гучаць па пятніцах у Зале Паўла VI, могуць прыйсці ўсе ахвотныя, што павінна дазволіць вернікам паглыбіць сваё духоўнае жыццё ў гэты важны перыяд літургічнага года.
 

21 сакавіка 2025, 10:14