MAP

Юбілей: супрацоўнікі шпіталя "Джэмэлі" прайшлі праз Святую Браму

Урачы, медсёстры, санітары, тэхнічны і адміністрацыйны персанал рымскай клінікі "Агасціна Джэмэлі", якая з’яўляецца структурай медыцынскага факультэта Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, здзейснілі 1 сакавіка 2025 года пілігрымку да ватыканскай базілікі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Запланаваная на гэты дзень юбілейная аўдыенцыя медыкаў з Пантыфікам была адменена, як і іншыя мерапрыемствы гэтага перыяду, па прычыне яго працяглага знаходжання ў шпіталі.

"Для мяне гэты Юбілей значыць ісці да Пана і мець магчымасць сустрэць Яго", - падзялілася гінеколаг Брыджыда Кардучы. У думках яна звярнулася да Святога Айца. "Хай Пан захавае яго і пакіне сярод нас яшчэ надоўга, таму што ён нам вельмі патрэбны, яго прысутнасць нас вельмі суцяшае", - сказала доктар, дадаючы: "Мы прыйшлі сюды менавіта для таго, каб маліцца за яго, таму што калі ён знаходзіцца ў нашым шпіталі, мы адчуваем яго бліжэй да нас, адным з нас, аднак і тым, хто можа прывесці нас да Айца".

Загадчыца санітарнай службы Кармэн Нуца патлумачыла, што яна прыняла ўдзел у пілігрымцы таму, што Італія і ўвесь свет перажываюць "цяжкі момант", і трэба "маліцца за мір". "Цяпер мы таксама шмат молімся за Святога Айца, які знаходзіцца ў нашым шпіталі, і мы спадзяёмся, што зможам хутка яго выпісаць, каб ён вярнуўся да свайго служэння", - пажадала яна.

Прайшоўшы праз Святую Браму, пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую ўзначаліў Генеральны касцёльны асістэнт Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, мансеньёр Клаўдыё Джуліядоры. У гаміліі ён узнёс малітву за пераемніка Пятра, каб той мог аднавіцца цалкам і ў кароткі тэрмін, а таксама за ўрачоў, "каб яны маглі зрабіць аптымальны і найбольш эфектыўны тэрапеўтычны выбар". Што да Юбілею, ён адзначыў, што Святы год – гэта час, каб “адрадзіць надзею" і "аднавіць глыбокія прычыны" адукацыйнага абавязку ўніверсітэта і “служэнне хворым, якія часта з'яўляюцца самымі слабымі і патрабуючымі".

Юбілейная Імша для супрацоўнікаў Фонда "Агасціна Джэмэлі"
Юбілейная Імша для супрацоўнікаў Фонда "Агасціна Джэмэлі"   (ANSA)
02 сакавіка 2025, 10:46