Ватыкан: малітва за Папу ў дзень святога Юзафа
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сваім уступным слове арцыбіскуп Арэльяна Седыльё заклікаў усіх прысутных, "пілігрымаў надзеі", сузіраць таямніцы жыцця Езуса позіркам Марыі. Як і кожны вечар, на плошчы падчас малітвы быў размешчаны абраз Марыі, Маці Касцёла. Іерарх таксама нагадаў пра ўрачыстасць святога Юзафа і заклікаў увесь Касцёл маліцца за здароўе Пантыфіка.
Пасля разважання над Хвалебнымі таямніцамі, антыфоны "Salve Regina" і Ларэтанскай літаніі, арцыбіскуп Седыльё заклікаў дар Святога Духа ў дапамогу ўсім, каб маглі ўпарта заставацца ў веры, расці ў любові і разам ісці да надзеі. Напрыканцы малітоўнай сустрэчы сабраныя праспявалі традыцыйную малітву "Oremus pro Pontifice", а арцыбіскуп Арэльяна Седыльё ўдзяліў усім вернікам благаслаўленне.
Штодзённы Ружанец за Папу Францішка праводзіцца па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята і Рымскай дыяцэзіі з 24 лютага 2025 года. Кардыналы, біскупы, святары, законнікі і вернікі збіраюцца на ватыканскай плошчы, каб даверыць пераемніка Пятра заступніцтву Багародзіцы.