MAP

Кардынал Раландас Макрыцкас Кардынал Раландас Макрыцкас  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

У Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ моляцца за Францішка

Рымская базіліка Санта-Марыя-Маджорэ стала месцам штодзённай малітвы за Святога Айца. У святыні знаходзіцца выява Маці Божай Salus Populi Romani, перад якой любіць маліцца Папа Францішак.

Ян Глінскі

Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ Францішак наведаў больш за 120 разоў за час свайго Пантыфікату – распачынаючы і завяршаючы тут свае Апостальскія падарожжы, молячыся аб заканчэнні пандэміі і аб міры ў свеце.

Як паведамляе італьянскае агенцтва “SIR”, кожны дзень тут адбываюцца набажэнствы, падчас якіх вернікі і турысты моляцца аб аздараўленні Святога Айца.

Два разы ў дзень, у 11.30 і 17.15, кожны жадаючы можа далучыцца да Ружанца, а апоўдні да малітвы “Анёл Панскі”. Кожны вечар за Папу моляцца таксама перад цудатворным абразом Маці Божай. “Няхай Марыя Salus Populi Romani аберагае Папу Францішка ў такі далікатны момант”, - сказаў кардынал Раландас Макрыцкас, арцыпрэзбітар базілікі.

Па словах іерарха, людзі, ведаючы пра гэтыя набажэнствы, прыходзяць і далучаюцца да малітвы. “Удзельнічаюць у ёй таксама шматлікія пілігрымы з усяго свету з нагоды Юбілейнага года. Асабліва капліца Маці Salus Populi Romani поўная на кожнай святой Імшы і на Ружанцы”, - дадаў літоўскі кардынал.

 

14 сакавіка 2025, 09:16