MAP

Ружанец: Папа вяртаецца дадому, дзякуем Богу і Панне Марыі

Вернікі, якія ўвечары 22 cакавіка 2025 года сабраліся на ружанцовую малітву на Плошчы Святога Пятра, сустрэлі апладысментамі добрую навіну аб выпісцы Францішка з шпіталя “Джэмэлі”. Папа вернецца ў Ватыкан у нядзелю, 23 сакавіка.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Святы Айцец вяртаецца дадому. Дзякуем Богу і Панне Марыі за цудоўную навіну, атрыманую з клінікі “Джэмэлі”. Мы з даверам звяртаемся да Панны Марыі, Аздараўлення Хворых і Каралевы Міру. Асабліва працягваем маліцца за Папу Францішка, каб Пан ласкава ахоўваў яго і падтрымліваў у місіі кіраўніка Касцёла", - сказаў у сваім уступным слове мансеньёр Джардана Пічыноці, старшыня Адміністрацыі маёмасці Святога Пасада, які ўвечары 22 cакавіка ўзначаліў Ружанец за выздараўленне Пантыфіка.

Святы Айцец быў шпіталізаваны 14 лютага з вострай дыхальнай недастатковасцю, выкліканай полімікробнай інфекцыяй. Навіна аб яго выпісцы прагучала на прэс-канферэнцыі, якую 22 сакавіка правялі медыкі "Джэмэлі". Пасля выпіскі Папа вернецца ў Дом Святой Марты, дзе яму давядзецца працягваць рэабілітацыю не менш за два месяцы.

Біскуп Пічыноці правёў марыйную малітву перад абразом Марыі, Маці Касцёла, размешчаным на прыступках ватыканскай базілікі. У набажэнстве прынялі ўдзел кардыналы, біскупы, святары, законнікі і законніцы, а таксама сотні вернікаў, многія з якіх трымалі ў руках запаленыя свечкі.

"Ідучы за Паннай Марыяй у таямніцах жыцця Яе Сына, мы таксама вучымся давяраць, спадзявацца і крочыць у святле. Няхай гэтая малітва Святога Ружанца стане для ўсіх нас крыніцай суцяшэння і моцы, дапаможа аднавіць наша імкненне жыць як сапраўдныя хрысціяне, быць вернымі сведкамі Евангелля, прыладамі Божай любові і будаўнікамі міру", - сказаў біскуп Пічыноці.

Пасля разважання над Хвалебнымі таямніцамі, спявання "Salve Regina" і Ларэтанскай літаніі, іерарх заклікаў маліцца аб тым, каб “трываючы ў веры, мы ўзрасталі ў любові і разам ішлі да мэты шчаслівай надзеі”. Напрыканцы набажэнства, вернікі праспявалі традыцыйную малітву "Oremus pro Pontifice" і атрымалі благаслаўленне біскупа Пічыноці.

23 сакавіка 2025, 10:45