MAP

Кардынал Артур Рошэ падчас малітвы аб здароўі для Папы Францішка Кардынал Артур Рошэ падчас малітвы аб здароўі для Папы Францішка  (ANSA)

Кардынал Рошэ: праз малітву Ружанца папросім аб здароўі для Папы

Ружанцовую малітву аб здароўі Папы, якая прайшла ўвечары 4 сакавіка 2025 года на Плошчы Святога Пятра, узначаліў кардынал Артур Рошэ, прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Браты і сёстры, праз малітву Ружанца ў гэты вечар давайце папросім Марыю, Аздараўленне хворых, аб здароўі для Святога Папы Францішка”, - заахвоціў іерарх сабраных на ватыканскай плошчы касцельных іерархаў, духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Кардынал Рошэ нагадаў, што Панна Марыя, як выключная ўдзельніца “таямніцы Крыжа”, здольная ззяць “як знак надзеі для тых, хто просіць Яе дапамогі”. Будучы “клапатлівай Маці”, яна з’яўляецца крыніцай падтрымкі і суцяшэння для “кожнага дзіцяці, якога даверыў Ёй Езус”, - дадаў прэфект.

Ружанец аб здароўі Папы Францішка праводзіцца на Плошчы Святога Пятра з 24 лютага. Кожны вечар яго ўзначальвае адзін з кардыналаў, прысутных у Рыме. Малітва адбываецца перад копіяй старажытнага абраза Марыі, Маці Касцёла, арыгінал якога знаходзіцца ўнутры ватыканскага сабора.

Святы Айцец шпіталізаваны ў рымскай клініцы “Джэмэлі” з 14 лютага. У Папы было выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх. Ён праходзіць лячэнне пад наглядам ватыканскіх і італьянскіх спецыялістаў. У апошнія дні Францішак перажыў некалькі эпізодаў вострай дыхальнай недастатковасці.

Кардынал Артур Рошэ падчас малітвы аб здароўі для Папы
Кардынал Артур Рошэ падчас малітвы аб здароўі для Папы   (ANSA)
05 сакавіка 2025, 08:20