MAP

Прэзідэнт Літвы здзейсніў візіт у Ватыкан

3 сакавіка 2025 года прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу прыняў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што падчас сардэчных размоў у Дзяржаўным сакратарыяце выказвалася задавальненне добрымі і плённымі двухбаковымі адносінамі, адзначаўся станоўчы ўклад хрысціянскай веры ў жыццё літоўскага грамадства. Бакі таксама засяродзіліся на пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага характару, з асабліва ўвагай да перспектыў міру ва Украіне.

Гітанас Наўседа прыбыў у Рым у рамках агульнанацыянальнай пілігрымкі з нагоды Юбілею 2025 года, арганізаванай Канферэнцыяй Біскупаў Літвы. У ёй бярэ ўдзел больш за дзве тысячы літоўскіх католікаў.

Пілігрымка распачалася 28 лютага і завершыцца 4 сакавіка – у літургічны ўспамін святога Казіміра. На працягу гэтых дзён вернікі разам са сваімі пастырамі наведваюць галоўныя святыні Рыма, удзельнічаюць у літургічных цэлебрацыях, знаёмяцца з каштоўнай хрысціянскай спадчынай Вечнага горада. Была запланавана іх сустрэча са Святым Айцом, але яе давялося адмяніць з прычыны хваробы і шпіталізацыі Папы.
 

03 сакавіка 2025, 13:45