Папскі прапаведнік: зноў адкрыць прыгажосць вечнага жыцця
Марыя Валодзіна - Vatican News
Паводле францішканіна, вера ў вечнае жыццё, заснаваная на Уваскрасенні Хрыста, у сучасным свеце размыта. Сёння гэтае абяцанне “не столькі аспрэчваецца, колькі ігнаруецца”. Перад тварам такой абыякавасці вернікі пакліканы зноў адкрыць для сябе каштоўнасць і прыгажосць вечнага жыцця.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што смерць – не канец, а пераход да вечнага жыцця ў еднасці з Хрыстом. У момант смерці адбываецца асабісты суд, які ацэньвае прыняцце ці адхіленне чалавекам Божай ласкі. Аднак збаўленне і вечнае жыццё магчымыя таксама і для тых, хто фармальна не ведаў Хрыста, калі яны шчыра і сумленна шукалі Бога, - адзначыў прапаведнік.
Айцец Пазаліні падкрэсліў, што "ўвечары жыцця нас будуць судзіць па любові", цытуючы святога Яна ад Крыжа. Існуюць тры магчымыя лёсы душы чалавека: рай, вечны праклён (пекла) і ачышчэнне (чысцец). У раю ў вечнай еднасці з Хрыстом кожны знаходзіць сваю сапраўдную ідэнтычнасць. Пекла апісваецца як канчатковае аддзяленне ад Бога, але Касцёл ніколі з упэўненасцю не заяўляў, што хтосьці асуджаны на яго. Нарэшце, чысцец разглядаецца як працэс ачышчэння для тых, хто яшчэ не гатовы да нябёсаў. Там чалавек нарэшце пазбаўляецца страху быць недасканалым і цалкам прымае сябе ў святле Божай любові, пераадольваючы ілюзію таго, што, каб заслужыць збаўленне, трэба быць іншым.
"Мы часта апантаныя неабходнасцю быць дасканалымі, але Евангелле вучыць нас, што сапраўдная недасканаласць – гэта не слабасць, а адсутнасць любові", - падкрэсліў айцец Пазаліні. Чысцец можна разумець як "момант", калі мы нарэшце перастаем хацець нешта даказаць Богу і проста дазваляем сабе любіць.
Такім чынам, вечнасць – гэта не проста будучая ўзнагарода, а рэальнасць, якая пачынаецца ўжо тут, калі мы вучымся жыць у любові і еднасці з Хрыстом. Наш лёс вызначаецца не страхам, а надзеяй. Смерць – гэта не параза, а момант, калі мы нарэшце ўбачым твар Бога і зразумеем, што канец быў толькі пачаткам, - сказаў Прапаведнік Папскага дома.