20 гадоў без Яна Паўла II: Імша ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Імша распачнецца ў 15.00, і, як падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні, уваход будзе адкрыты для ўсіх вернікаў без неабходнасці спецыяльных пропускаў.
"Гэта будзе час падзякі Пану за вялікі дар жыцця святога Яна Паўла II і за яго пастырскае служэнне ў нашай дыяцэзіі", - менавіта так ахарактарызаваў будучую ўрачыстасць кардынал Бальдасарэ Рэйна, Вікарый Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі, у лісце, адрасаваным духавенству і свецкім вернікам.
У канцэлебрацыі Эўхарыстыі прыме ўдзел таксама кардынал Станіслаў Дзівіш, які на працягу многіх гадоў быў асабістым сакратаром Яна Паўла II.
Вечарам таго ж дня, у 21.00, на Плошчы Святога Пятра адбудзецца малітоўнае чуванне на польскай і італьянскай мовах. Яго правядзе арцыбіскуп Тадэвуш Войда, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, які таксама будзе канцэлебраваць Імшу ў ватыканскай базіліцы. Уваход на чуванне таксама будзе свабодным для ўсіх.
Папа Францішак 12 лютага 2025 года накіраваў ліст кардыналу Станіславу Дзівішу, у якім запэўніў у сваім благаслаўленні ўдзельнікаў урачыстасцей з нагоды 20-й гадавіны смерці Яна Паўла ІІ.
Варта адзначыць, што святы Ян Павел II, які кіраваў Касцёлам з 1978 па 2005 год, застаецца адной з найбольш значных постацей не толькі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла, але і ў сусветнай гісторыі XX стагоддзя. Яго пантыфікат, які працягваўся амаль 27 гадоў, быў адзначаны шматлікімі гістарычнымі падзеямі і ініцыятывамі, якія істотна паўплывалі на жыццё Касцёла і сусветную палітыку.