Малітва за Францішка вяртаецца на Плошчу Святога Пятра
Пачынаючы з 14 сакавіка 2025 года, штодзённая ружанцовая малітва ў інтэнцыі здароўя Святога Айца зноў будзе праводзіцца на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас перыяду духоўных практыкаванняў для Рымскай курыі Ружанец за Папу праходзіў у Зале Паўла VI. Увечары 13 сакавіка яго ўзначаліў арцыбіскуп Філіпа Янонэ, прэфект Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах. Малітва адбылася пасля велікапоснага казання прапаведніка Папскага дома, айца Рабэрта Пазаліні, і нешпараў. Напрыканцы была праспявана антыфона "Salve Regina", Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі і малітва "Oremus pro Pontifice nostro Francisco".
14 сакавіка Ружанец правядзе ксёндз Лусіа Адрыян Руіс, сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі. Малітва распачнецца а 19.30 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Далучыцца да яе можна дзякуючы прамой трансляцыі на рэсурсах ватыканскіх СМІ.
14 сакавіка 2025, 11:06