Кардынал Кох: хвароба – вялікі выклік, хай Бог будзе з Папам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Малітва за здароўе Францішка аб'яднала католікаў ва ўсім свеце. 11 сакавіка 2025 года пасля пятай медытацыі духоўных практыкаванняў для супрацоўнікаў Рымскай курыі, праведзенай айцом Раберта Пазаліні, прапаведнікам Папскага дома, адбылася супольная малітва Ружанца пад кіраўніцтвам кардынала Курта Коха.
Падчас увядзення ў малітву ён прыгадаў словы, якія ўваскрослы Хрыстус сказаў Пятру ў Евангеллі паводле Яна: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, ты апранаўся сам і ішоў, куды хацеў, але калі састарэеш, працягнеш рукі свае, і іншы цябе апране і павядзе, куды ты не хочаш". У гэтых словах іерарх убачыў адлюстраванне таго, што "перажывае і пакутуе” Святы Айцец.
"Безумоўна, сітуацыі розныя, але і пакута ад цяжкай хваробы з'яўляецца вялікім выклікам", - падкрэсліў кардынал Кох, заклікаючы маліцца, каб "Пан заўсёды дарыў сваю блізкасць" Пантыфіку, і прасіць "заступніцтва Марыі, Маці Надзеі, за здароўе Францішка".
Малітоўная сустрэча трансліравалася на вялікіх экранах на Плошчы Святога Пятра і праз ватыканскія СМІ, што дазволіла далучыцца да яе вернікам з розных куткоў свету. Набажэнства завяршылася малітвай за Папу "Oremus pro Pontifice" і спевам у гонар Дзевы Марыі.
У гэты няпросты для Касцёла час, калі Святы Айцец змагаецца з сур'ёзнай хваробай, малітва становіцца галоўным выражэннем еднасці і падтрымкі для ўсіх вернікаў.