MAP

Кардынал Лазарус Ю Хён-сік падчас малітвы аб здароўі Папы Кардынал Лазарус Ю Хён-сік падчас малітвы аб здароўі Папы  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Ю Хён-сік правёў Ружанец аб здароўі Францішка

Увечары 7 сакавіка 2025 года ружанцовую малітву ў інтэнцыі здароўя Папы Францішка, якая прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, узначаліў карэйскі кардынал Лазарус Ю Хён-сік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Браты і сёстры, давайце і гэтым вечарам праз малітву Ружанца папросім Марыю, Аздараўленне хворых, аб здароўі для Святога Айца Францішка”, - заклікаў прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства сабраных на ватыканскай плошчы касцёльных іерархаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Іерарх нагадаў, што Панна Марыя, якая асаблівым чынам удзельнічала ў таямніцы Хрыстовага Крыжа, з’яўляецца дасканалай іконай мацярынства Касцёла, якому павінен адпавядаць кожны ахрышчаны. “Ласкавая Маці, заззяй як знак надзеі для тых, хто просіць Тваёй дапамогі”, - маліўся ватыканскі прэфект.

Папа Францішак шпіталізаваны ў рымскай клініцы “Джэмэлі” з 14 лютага 2025 года. З 24 лютага па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыяту на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане праводзіцца малітва аб яго здароўі. Кожны вечар яе ўзначальвае адзін з кардыналаў, прысутных у Рыме. Ружанец распачынаецца а 21.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе. Далучыцца да яго можна дзякуючы прамой трансляцыі, якую вядуць ватыканскія СМІ.
 

08 сакавіка 2025, 09:48