Кардынал Сэмерара: няхай Багародзіца падтрымлівае Папу
Увечары 5 сакавіка 2025 года ружанцовую малітву аб здароўі Папы Францішка, якая прайшла на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, узначаліў кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Браты і сёстры, пілігрымы надзеі, на пачатку Вялікага посту мы збіраемся, каб маліцца Ружанец і сузіраць таямніцы жыцця Езуса позіркам Найсвяцейшай Панны Марыі. Давайце будзем маліцца разам з усім Касцёлам аб здароўі Святога Айца Францішка. Няхай у гэты момант яго падтрымлівае Панна Марыя, Salus Populi Romani”, - сказаў іерарх, звяртаючыся да сабраных на ватыканскай плошчы касцельных іерархаў, духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.
Ружанцовая малітва аб здароўі Папы праходзіць на Плошчы Святога Пятра кожны вечар а 21.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе пад кіраўніцтвам аднаго з кардыналаў, прысутных у Рыме. Далучыцца да малітвы можна дзякуючы прамой трансляцыі, якую вядуць ватыканскія СМІ.
06 сакавіка 2025, 08:55