MAP

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: Папа ніколі не пераставаў кіраваць Касцёлам

У інтэрв’ю італьянскай газеце Corriere della Sera Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што нават у самыя цяжкія дні хваробы Францішак працягваў выконваць свае абавязкі і прымаць неабходныя рашэнні.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяржсакратар заўважыў, што Папа заставаўся кіраўніком Касцёла і прымаў важныя рашэнні, нягледзячы на тое, што быў вымушаны запаволіць тэмп па стану здароўя. Шпіталізацыя і перыяд аднаўлення паўплывалі на працягласць і інтэнсіўнасць яго працы, але не спынілі працэс кіравання Святым Пасадам.

Кардынал Паралін таксама падкрэсліў, што ватыканскія дыкастэрыі могуць выконваць многія руцінныя абавязкі без кансультацый з Папам, кіруючыся інструкцыямі і правіламі, атрыманымі раней.

Пытанні, якія паступалі на разгляд Папы ў перыяд шпіталізацыі, датычыліся толькі тых спраў, у якіх “ён і толькі ён” мог прымаць рашэнне. Пытанні, што знаходзяцца ў кампетэнцыі ватыканскіх дыкастэрый, вырашаліся імі ад імя Папы ў адпаведнасці з яго папярэднімі распараджэннямі. Дарэчы, такая схема кіравання Касцёлам дзейнічае і ў звычайныя часы.

Адзін з прыкладаў дэлегавання паўнамоцтваў – працэс кананізацыі. Кардынал Паралін адзначыў, што хоць менавіта Папа прамаўляе кананізацыйную формулу, у выпадку неабходнасці ён можа ўпаўнаважыць свайго супрацоўніка, напрыклад, кардынала Марчэла Семерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, прамовіць яе ад імя Пантыфіка.

Дзяржсакратар таксама падкрэсліў, што на дадзены момант найважнейшым з’яўляецца адпачынак і рэабілітацыя Папы. Двухмесячны перыяд паніжанай "у параўнанні з папярэднімі рытмамі" актыўнасці павінен паспрыяць аднаўленню яго здароўя, каб ён змог у поўнай меры працягваць сваё служэнне.

29 сакавіка 2025, 19:28