Кардынал Краеўскі: молімся аб здароўі Папы разам з усім Касцёлам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Будзем маліцца разам з усім Касцёлам за здароўе Святога Айца. Няхай Панна Марыя, Маці Касцёла, падтрымлівае яго ў гэты складаны час”, - заахвоціў Апостальскі элемазінарый.
Духоўна з'яднацца з Папам у момант яго выпрабавання хваробай на галоўную ватыканскую плошчу прыйшлі кардыналы, біскупы, святары, законнікі і законніцы, а таксама шматлікія свецкія вернікі, у тым ліку дзеці. Многія трымалі ў руках запаленыя свечкі.
Днём раней, 1 сакавіка, з-за дажджу Ружанец аб здароўі Папы прайшоў у Базіліцы Святога Пятра. Малітву ўзначаліў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Ружанцовая малітва за Пантыфіка праходзіць на Плошчы Святога Пятра штодзённа, пачынаючы з 24 лютага. Кожны вечар яе ўзначальвае адзін з кардыналаў, прысутных у Рыме. Ружанец праводзіцца перад копіяй старажытнага марыйнага абраза з ватыканскай базілікі, у якім Багародзіца ўшаноўваецца пад тытулам Маці Касцёла. Далучыцца да малітвы можна дзякуючы трансляцыі, якую вядуць ватыканскія СМІ.