Кардынал Коавакад: увесь свет моліцца за Папу Францішка
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля сёмай медытацыі для супрацоўнікаў Курыі, праведзенай прапаведнікам Папскага дома айцом Раберта Пазаліні, адбылася супольная малітва Ружанца на чале з кардыналам Джорджам Джэйкабам Коавакадам. Малітва трансліравалася на Плошчы Святога Пятра і праз ватыканскія СМІ, што дазволіла далучыцца да яе шматлікім вернікам.
У сваім уступным слове кардынал Коавакад адзначыў, што кранальныя пасланні салідарнасці і блізкасці да Святога Айца, які знаходзіцца ў шпіталі, паступаюць з усяго свету. Многія запэўніваюць ў малітвах за яго выздараўленне.
"Разам з хрысціянскімі вернікамі і вернікамі іншых рэлігійных традыцый, якія ва ўсім свеце ўзносяць малітвы і ахвяраванні за ацаленне Святога Айца, а таксама з многімі няверуючымі, якія паважаюць і любяць Папу Францішка і непакояцца пра яго здароўе, мы давяраем Святога Айца і ўсіх хворых мацярынскай апецы Марыі", - сказаў іерарх.
Кардынал Коавакад заклікаў прысутных аб'яднацца ў малітве з беднымі, таму што “іх малітва найбольш эфектыўная”. “Малітва беднага дасягае Бога”, - сказаў кардынал Коавакад, цытуючы кнігу Сіраха.
Набажэнства завяршылася малітвай за Папу "Oremus pro Pontifice" і спевам у гонар Дзевы Марыі.