MAP

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці Кардынал Клаўдыё Гуджэроці 

Гуджэроці: хрысціяне Святой Зямлі патрабуюць нашай дапамогі

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў заклікаў падтрымаць збор ахвяраванняў на карысць хрысціян у Святой Зямлі, які праводзіцца ў Вялікую пятніцу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Тыя, хто жыве там, зараз патрабуюць нашай дапамогі. Для нашых хрысціян у Святой Зямлі гэта, магчыма, апошні шанс. А гэтыя хрысціяне знаходзяцца там з часоў Езуса, яны ахоўваюць святыя месцы”, - нагадаў кардынал Клаўдыё Гуджэроці ў інтэрв’ю Vatican News.

17 сакавіка 2025 года іерарх скіраваў ліст да біскупаў ва ўсім свеце, падкрэсліваючы асаблівую важнасць збору ахвяраванняў для хрысціян Святой Зямлі ў цяперашні гістарычны момант, пазначаны гвалтам і канфліктамі, якія прынеслі рэгіёну шмат слёз, роспачы і разбурэнняў.

Кардынал заявіў пра неадкладную патрэбу ў спыненні насілля і аднаўленні сапраўднага дыялогу. “Дыялог часам вельмі цяжкі, але ён уратоўвае жыцці, а адзіная ўмова дыялогу – гэта павага да іншага”, - сказаў прэфект.

“Не можа быць месца для ўзброенага міру, які спрыяе толькі асабістым і вузкім інтарэсам”, - падкрэсліў кардынал Гуджэроці, згадваючы пра шматлікія канфлікты ў розных рэгіёнах свету – на Блізкім Усходзе, ва Украіне, у афрыканскіх краінах. Ён адзначыў, што адносна гэтых сітуацый заўсёды моцна гучыць голас Папы Францішка.

“Палохае і адначасова суцяшае тое, як мы адчулі недахоп голасу Папы ў дні яго хваробы. Не толькі ў дачыненні да Святой Зямлі, але і да ўсіх месцаў, дзе адбываюцца баі і дзе пакутуюць ад несправядлівасці. Многія казалі мне ў гэты перыяд: свет маўчыць, калі маўчыць Папа. Гэта голас, які ўзносіцца ў імя чалавечай годнасці, і калі ён маўчыць, не чуваць ніякага іншага голасу”, - падкрэсліў іерарх.

Кардынал Гуджэроці адзначыў, што хоць галоўная мэта збору ахвяраванняў, які праводзіцца ў Вялікую пятніцу з часоў Папы Паўла VI, – гэта захаванне святых месцаў у Святой Зямлі, але цяпер гаворка ідзе таксама пра імкненне захаваць хрысціянскую супольнасць у рэгіёне.

“Мы не можам рызыкаваць вялікай хрысціянскай дыяспарай, пакідаючы землі, якія яшчэ захоўваюць водар Езуса. Гэтыя народы – жывое сведчанне бесперапыннай лучнасці з Хрыстом. Мы ўзносім голас не толькі з гуманітарных прычын: гэтыя людзі для нас – сакрамэнт. Але, бясспрэчна, голас Касцёла ўзносіцца ў абарону ўсіх пераследаваных, усіх слабых, усіх пакутуючых, усіх пакінутых”, - дадаў прэфект.

Сярод наступстваў напружанасці ў Святой Зямлі іерарх згадаў скарачэнне пілігрымак у месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста. Паводле яго, гэта важна “каб зразумець, наколькі глыбокай і пераканаўчай з’яўляецца ідэя пра тое, што Бог з любові сышоў на зямлю”. Кардынал Гуджэроці адзначыў, што сёння пілігрымкі маюць таксама дадатковую каштоўнасць – яны могуць быць сведчаннем салідарнасці з тымі, хто пакутуе ад несправядлівасці. Ён нагадаў, што хрысціяне пакліканы не толькі верыць у лепшы свет, але і максімальна набліжаць яго, змагаючыся з грахамі, у тым ліку сацыяльнага і палітычнага характару.
 

25 сакавіка 2025, 10:28