MAP

Арцыбіскуп Галахер у Касцёле Святога Іштвана ў Будапешце, 30 сакавіка 2025 года Арцыбіскуп Галахер у Касцёле Святога Іштвана ў Будапешце, 30 сакавіка 2025 года

Галахер: Бог з любоўю прымае тых, хто вяртаецца з "далёкага краю"

У апошні дзень свайго візіту ў Венгрыю арцыбіскуп Пол Рычард Галахер узначаліў Святую Імшу ў конкатэдральным касцёле Святога Іштвана ў Будапешце. У гаміліі ён паразважаў над прыпавесцю пра міласэрнага айца.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што галоўнай дзеючай асобай прыпавесці з’яўляецца не столькі марнатраўны сын, колькі міласэрны айцец, які ўвасабляе бясконцую любоў Бога. “Любоў Айца настолькі моцная і вялікая, што не імкнецца валодаць іншым, а гатова адпусціць яго”, - патлумачыў ён. Айцец не патрабуе нічога, але цярпліва чакае. Гэта любоў, якая даруе і прымае тых, хто вяртаецца дадому. Яна не ратуе нас і не ўтрымлівае ад пахода ў "далёкі край", аднак Айцец заўсёды даруе і прымае нас пасля перажытага там досведу. "Гэта добрая навіна для тых з нас, хто адпраўляецца ў далёкі край, а рана ці позна ўсе мы трапляем туды", - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер у Касцёле Святога Іштвана ў Будапешце
Арцыбіскуп Галахер у Касцёле Святога Іштвана ў Будапешце

Прывітанне ад Папы Францішка

Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прывітаў усіх удзельнікаў набажэнства ад імя Францішка, запэўніўшы ў яго духоўнай блізкасці і малітве. Святы Айцец удзячны ўсім за малітвы, якія ўзносіліся за яго падчас хваробы і шпіталізацыі, а таксама і цяпер, у перыяд выздараўлення, - зазначыў арцыбіскуп Галахер.

Этапы візіту

У пятніцу, 28 сакавіка 2025 года, прадстаўнік Святога Пасада сустрэўся з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіяртам. Затым ён выступіў на штогадовай канферэнцыі венгерскіх паслоў і прыняў удзел у цырымоніі, прысвечанай 60-й гадавіне з дня смерці Праведніка народаў свету, арцыбіскупа Анджэла Роты, Апостальскага нунцыя ў Будапешце ў перыяд з 1930 па 1945 год.

Пасля гэтага ватыканскі дыпламат сустрэўся з кардыналам Пэтэрам Эрдо, арцыбіскупам Андрашам Верэсам, старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Венгрыі, чатырма арцыбіскупамі і грэка-каталіцкім мітрапалітам. У суботу, 29 сакавіка, у Апостальскай нунцыятуры ў Будапешце ён правёў сустрэчу з групай акрэдытаваных у Венгрыі паслоў.

31 сакавіка 2025, 11:30