MAP

Фернандэс: у сэрцы Папы тыя, хто пакутуе ад войнаў, хвароб, беднасці

Увечары 28 лютага 2025 года, у пяты дзень запар, на Плошчы Святога Пятра прайшло ружанцовае набажэнства за Папу Францішка. Яго ўзначаліў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На працягу ўсяго свайго пантыфікату Францішак не раз звяртаўся да вернікаў з просьбай: "І, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне". Гэта просьба адгукнулася ў сэрцах многіх вернікаў, якія ўвечары 28 лютага прыйшлі на ватыканскую плошчу ў абдымкі каланады Бэрніні, каб памаліцца за Святога Айца. Божы народ у шматлікіх яго праявах – кардыналы, святары, манахіні, моладзь, свецкія вернікі з розных куткоў свету – аб'ядналі свае галасы ў малітве за хворага Пантыфіка. Некаторыя з іх трымалі ў руках запаленыя свечкі.

Гэтую марыйную малітву Папа захоўвае ў сэрцы, жадаючы, каб яна ўзносілася "таксама за ўсіх тых, хто ў наш драматычны і пакутлівы час нясе цяжар вайны, беднасці, хваробы. Да іх ён далучаецца ў сваёй малітве", - сказаў кардынал Фернандэс.

Ружанцовая малітва чаргавалася з момантамі цішыні і сузірання і завяршылася выкананнем гімна Oremus pro Pontifice. Усіх прысутных аб'яднала надзея на хуткае выздараўленне Папы, з якой кожны з іх вярнуўся дадому пасля заканчэння Ружанца.

Ружанцовая малітва за Папу на Плошчы Святога Пятра
Ружанцовая малітва за Папу на Плошчы Святога Пятра   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)
01 сакавіка 2025, 12:04