Кардынал Чэрны: даверым здароўе Папы Божай міласэрнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
8 сакавіка 2025 года Плошча Святога Пятра стала месцам духоўнага яднання вернікаў, якія сабраліся на набажэнства Ружанца за Папу. Гэтую малітоўную сустрэчу ўзначаліў кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Кардынал Чэрны падкрэсліў, што напярэдадні ў Буэнас-Айрэсе, родным горадзе Папы, многія людзі сабраліся на духоўную падтрымку пад дэвізам "Любоў аплачваецца любоўю". Гэта сведчыць пра глыбокую повязь вернікаў са Святым Айцом і іх шчырае жаданне быць побач з ім у цяжкі час.
"Аб'яднаемся ў малітоўным чуванні з удзячнасцю, надзеяй і любоўю, даверыўшы міласэрнасці Божай яго здароўе", - заклікаў іерарх, выказваючы ўпэўненасць у заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі.
Набажэнства за Папу, які знаходзіцца ў шпіталі “Джэмэллі” з 14 лютага 2025 года, сабрала кардыналаў, біскупаў, святароў, манахаў і манахінь Рымскай курыі і дыяцэзіі Рыма, а таксама сотні вернікаў. Гэта была трынаццатая вечаровая малітоўная сустрэча запар.