MAP

"Аплакванне памерлага Хрыста" Джавані Беліні "Аплакванне памерлага Хрыста" Джавані Беліні 

Мастацкая медытацыя аб Пакутах Хрыста ў Кастэль Гандольфа

Два шэдэўры італьянскага Адраджэння – "Аплакванне памерлага Хрыста" Джавані Беліні і "Памерлы Хрыстус, падтрыманы анёламі" Садомы – будуць прадстаўлены ў Папскім палацы Кастэль Гандольфа з 5 красавіка 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканскія музеі і іх Аддзел мастацтва XV-XVI стагоддзяў арганізуюць унікальную выставу, якая аб'яднае два шэдэўры італьянскага Адраджэння, прысвечаныя тэме Пакут Хрыста. Экспазіцыя прымеркавана да літургічнага перыяду Вялікага посту і Вялікадня.

Дзве мастацкія медытацыі аб Пакутах Хрыста

"Гэта іканаграфічнае і духоўнае супастаўленне, якое выходзіць за межы часу і стылю", - адзначае Барбара Ята, дырэктар Ватыканскіх музеяў. "Прапанаваць наведвальнікам магчымасць захапляцца двума творамі, настолькі насычанымі тэалагічнымі і гістарычнымі значэннямі, у атачэнні Кастэль Гандольфа – гэта ўнікальная магчымасць падкрэсліць саму ідэнтычнасць ватыканскіх калекцый: вернасць традыцыі і адкрытасць да даследаванняў".

Першае палатно – "Аплакванне памерлага Хрыста" Джавані Беліні, якое з'яўляецца верхняй часткай старажытнага алтара з Сан-Франчэска ў Пезара (каля 1475 года). Твор быў выкрадзены французамі пасля Таленцінскага дагавора (1797), але вернуты ў Італію дзякуючы пасрэдніцтву Антоніа Канавы. З 1820 года палатно знаходзіцца ў Ватыканскай пінакатэцы і нядаўна прайшло старанную рэстаўрацыю ў ватыканскіх лабараторыях.

Кожны твор прапануе ўнікальны погляд на таямніцу смерці Хрыста

"Абедзве работы паддаюцца шматузроўневаму прачытанню: з аднаго боку, апавядальны і спагадлівы падыход Беліні, з другога – дынамічная напружанасць і вібруючая сіла дошкі Садомы. Двайная візуальная медытацыя аб Пакутах, здольная зацікавіць навукоўцаў, вернікаў і аматараў мастацтва", - заўважае Фабрыцыа Біфералі, куратар Аддзела мастацтва XV-XVI стагоддзяў.

Другі шэдэўр – "Памерлы Хрыстус, падтрыманы анёламі", напісаны Джавані Антоніа Бацы, вядомым як Садома, каля 1505 года, у перыяд яго мастацкай сталасці. Гэтая работа, якая належыць рымскаму Архібрацтву Санта-Марыя-дэль-Орта, таксама была рэстаўравана ў лабараторыях Ватыканскіх музеяў (1933-1934). Карціна ўяўляе сабой балючую, але светлую медытацыю аб целе Хрыста, якое з набожнасцю падтрымліваюць чатыры анёлы, у кампазіцыі вялікай элегантнасці і эмацыйнай інтэнсіўнасці.

Паводле інфармацыі, прадстаўленай у прэс-рэлізе Ватыканскіх музеяў, уваход на выставу ўключаны ў звычайны квіток Папскага палаца Кастэль Гандольфа. Экспазіцыя распрацавана так, каб прапанаваць наведвальнікам кантэмплятыўны досвед, які суправаджаецца двухмоўнымі дыдактычнымі панэлямі.

Інаўгурацыя выставы адбудзецца ў суботу, 5 красавіка 2025 года, у 16.30. Журналісты, якія жадаюць прыняць удзел у адкрыцці, павінны падаць заяўку праз сістэму акрэдытацыі Прэс-службы Святога Пасада.
 

31 сакавіка 2025, 15:19