30 гадоў "Evangelium Vitae": прароцкая інтуіцыя Яна Паўла II
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Энцыкліка "Evangelium Vitae" застаецца фундаментальным дакументам у вучэнні Касцёла аб святасці чалавечага жыцця. Габрыэла Гамбіна, падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, падкрэслівае, што святы Ян Павел II прадбачыў, што сур'ёзныя парушэнні жыцця найслабейшых сведчаць пра скажоную ідэю свабоды, якая ўзводзіць злачынства ў ранг права.
Яна падкрэслівае, што энцыкліка пачынаецца з пытання Бога да Каіна: "Што ты зрабіў?". Яно гучыць і сёння ў сучасным вучэнні Касцёла, ад "Evangelii gaudium" да "Dignitas infinita".
"Сур'ёзныя пагрозы чалавечаму жыццю не толькі не зменшыліся, але нават узраслі. Таму Касцёл сёння больш рашуча, чым калі-небудзь, імкнецца сцвердзіць каштоўнасць жыцця і фарміраваць сумленні людзей для разумення гэтай каштоўнасці", - падкрэслівае Гамбіна.
Яна адзначае, што "Dignitas infinita" Францішка актуалізуе пасланне "Evangelium Vitae", пашыраючы погляд на сацыяльныя сітуацыі, у якіх парушаецца годнасць асобы: войны, новыя формы беднасці, нечалавечыя пакуты мігрантаў, гвалт у дачыненні да жанчын і дзяцей, сексуальная эксплуатацыя ў лічбавым свеце.
"Каштоўнасць жыцця – гэта не толькі каталіцкая каштоўнасць, але свецкая, універсальная, яна належыць чалавеку як такому, і ўсе могуць яе зразумець і падзяляць", - падкрэслівае Гамбіна.
Яна заклікае да стварэння сапраўднага душпастырства чалавечага жыцця ў дыяцэзіях і парафіях, да фарміравання сумлення людзей, каб яны маглі сапраўды рабіць "выбар на карысць жыцця".
"Мы павінны фарміраваць таксама будучых святароў, у семінарыях і пазней: каб яны ведалі, як весці маладых людзей і сем'і да праўды і дабра", - адзначае намесніца сакратара ватыканскай установы.
Яна паведаміла, што на днях Дыкастэрыя апублікавала душпастырскія матэрыялы пад назвай "Жыццё – заўсёды дабро", якія змяшчаюць прапановы для мясцовых Касцёлаў па стварэнні душпастырства чалавечага жыцця.
"У бліжэйшыя месяцы мы пачнём анлайн-сустрэчы з бюро па справах сям'і і жыцця ў епіскапатах па ўсім свеце, каб суправаджаць іх у пачатку працэсаў планавання і фарміравання душпастырства жыцця ў дыяцэзіях", - паведаміла Гамбіна.
Яна падкрэсліла, што гэтая праца з'яўляецца працягам ініцыятывы “Family Global Compact”, якая прадугледжвае супрацоўніцтва паміж каталіцкімі ўніверсітэтамі і дыяцэзіямі для фарміравання свецкіх вернікаў у адпаведнасці з прыярытэтамі і душпастырскімі патрэбамі мясцовых Касцёлаў.