MAP

Юбілей творцаў: Ян Пэй-Мін стварыў партрэты рымскіх вязняў

У Рыме адкрылася незвычайная мастацкая выстава, на якой прадстаўлены творы вядомага кітайскага мастака Ян Пэй-Міна. У экспазіцыі – партрэты вязняў турмы Regina Coeli. Арганізатарам выставы выступіла Дыкастэрыя па культуры і адукацыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Экспазіцыя размешчана ў выставачным памяшканні на Віа-дэла-Канчыліяцыёнэ (Via della Conciliazione), па якой пілігрымы ідуць да Базілікі Святога Пятра. Мастак стварыў 27 вялікіх партрэтаў зняволеных і супрацоўнікаў турмы.

"Мяне цікавіць мяжа паміж унутраным і знешнім, магчымасць перадаць праз мастацтва пачуццё супольнасці", - падзяліўся Пэй-Мін, які асабіста наведаў турму Regina Coeli і сустрэўся з вязнямі напярэдадні адкрыцця выставы.

Мастак працаваў над гэтым юбілейным праектам на адлегласці, па фотаздымках. Пэй-Мін, які жыве і працуе ў Францыі, правёў калядныя дні ў Шанхаі, працуючы там над партрэтамі вязняў па 15 гадзін у дзень. У выніку ён стварыў 27 твораў замест 12 замоўленых.

Турэмны капелан айцец Віторыа Трані адзначыў важнасць незвычайнага праекта: ён надае гэтым людзям годнасць, незалежна ад праблемы злачынства. “У кожнага зняволенага ёсць прага надзеі. Важна змагацца з недаверам, каб можна было зірнуць па-за краты. Надзея на блізкасць, на чалавечае цяпло", - сказаў святар, у якога за плячыма шмат гадоў, праведзеных побач з вязнямі.

"Бачыць уласны партрэт – гэта моцнае пачуццё. Са мной такога ніколі не было, я нават не ўяўляў, што такое магчыма, так што гэта было сапраўды выдатна", - падзяліўся адзін з зняволеных, які правёў у турме сем гадоў. "Заўсёды трэба спадзявацца на нешта лепшае. Калі вы губляеце надзею, вы губляеце жаданне жыць. Мы спадзяемся на лепшую будучыню", - дадаў ён.

Партрэты Ян Пэй-Міна экспануюцца не толькі ў новай выставачнай прасторы Conciliazione 5, але і праецыруюцца на фасад турмы Regina Coeli. Гэта адпавядае бачанню Францішка на ролю сучаснага мастацтва, якое ён заклікае несці ў турмы.

Выстава адкрылася 15 лютага 2025 года з нагоды юбілею дзеячаў культуры і мастацтва.

Мастак Ян Пэй-Мін
Мастак Ян Пэй-Мін
17 лютага 2025, 11:09