У ватыканскай базіліцы прайшла “Белая ноч” з удзелам творцаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаноўку курыраваў рэжысёр Андрэа Кіодзі. На яго думку, мастацтва павінна дапамагаць людзям зноў адкрыць для сябе прыгажосць і суцешаць у цяжкія часы.
Пілігрымка творцаў да Святой Брамы прайшла пад вібрацыю званоў, гук якіх быў ператвораны амерыканскім мастаком Білам Фантанам у вялікую гукавую скульптуру.
Пілігрымы пераступалі парог цёмнай базілікі, дзе адзіным асветленым прадметам была П'ета Мікеланджэла. Іх ахутвалі гукі старажытных лаўд, якія выконваў на віяланчэлі італьянскі музыкант Якапа Дзі Тона. Музыка выклікала пачуццё неспакою і ўразлівасці. "Гэта Марыя паказвае шлях – шлях, напоўнены таксама і болем", - патлумачыў рэжысёр.
Праз цэнтральны неф, мінаючы злёгку асветленыя бакавыя статуі, пілігрымы павольна рухаліся да галоўнага алтара пад велічным балдахінам Берніні. Тут іх сустракала і гіпнатызавала сваім магнетызмам музыка Баха, выкананая на віяланчэлі. "Я веру, што прыгажосць сапраўды можа выратаваць нас, што гэта рухавік спакойнага жыцця", - падзяліўся Якапа Дзі Тона.