MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад у АБСЕ: аўтаномная зброя вядзе да дэгуманізацыі вайны

Магчымасць правядзення ваенных аперацый з дапамогай сістэм дыстанцыйнага кіравання прывяла да зніжэння ўспрымання разбурэнняў, што прычыняюцца гэтымі сістэмамі ўзбраення, а таксама да змяншэння цяжару адказнасці за іх прымяненне, нагадвае Святы Пасад.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ прыняў удзел у 1099-м Форуме па бяспецы і супрацоўніцтве, прысвечаным тэме адказнага ваеннага выкарыстання сучасных тэхналогій. “Паколькі ўзброеныя канфлікты працягваюць аказваць уплыў на чалавецтва, немагчыма пазбегнуць сур’ёзных этычных пытанняў, звязаных з сектарам узбраенняў”, - адзначыў мансеньёр Рычард Гіра.

“Як заўсёды, калі гаворка ідзе пра мір і бяспеку, Святы Пасад лічыць надзвычай важным ставіць у цэнтр чалавечую годнасць і этычныя прынцыпы”, - падкрэсліў папскі дыпламат.

Мансеньёр Гіра заўважыў, што аналітычныя здольнасці штучнага інтэлекту (ШІ) могуць стаць інструментам, які дапамагае дзяржавам імкнуцца да міру і гарантаваць бяспеку. Аднак выкарыстанне гэтых тэхналогій у якасці зброі можа быць вельмі праблематычным з этычнага пункту гледжання і ўяўляць сабой экзістэнцыяльную пагрозу.


“У прыватнасці, Святы Пасад адзначае, што магчымасць правядзення ваенных аперацый з дапамогай сістэм дыстанцыйнага кіравання прывяла да зніжэння ўспрымання разбурэнняў, што прычыняюцца гэтымі сістэмамі ўзбраення, а таксама да змяншэння цяжару адказнасці за іх прымяненне. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе яшчэ больш халоднаму і адчужанаму падыходу да велізарнай трагедыі вайны”, - падкрэсліў прадстаўнік Пантыфіка.

Папскі дыпламат нагадаў, што рост залежнасці ад так званых аўтаномных тэхналогій можа пазбавіць чалавека адказнасці за прыняцце найважнейшых ваенных рашэнняў, стварыць прававую непразрыстасць і выклікаць сур’ёзныя этычныя праблемы.


“Захаванне, прымяненне і інтэрпрэтацыя ключавых норм і прынцыпаў гуманітарнага права патрабуюць разважлівасці, дабрасумленнасці і своечасовай ацэнкі канкрэтных кантэкстаў і сітуацый. Гэтыя пытанні не могуць быць зведзены да ўніверсальных правіл, незалежна ад таго, наколькі дакладна яны сфармуляваныя, і не могуць быць загадзя закладзены ў алгарытмы”, - падкрэсліў мансеньёр Гіра.

“У сувязі з гэтым смяротныя аўтаномныя зброевыя сістэмы (LAWS), здольныя ідэнтыфікаваць і паражаць мэты без непасрэднага ўмяшання і кантролю чалавека, выклікаюць сур’ёзную этычную заклапочанасць. Яны пазбаўленыя ўнікальнай чалавечай здольнасці да маральных разваг і прыняцця этычных рашэнняў. Ні адна машына ніколі не павінна прымаць рашэнне аб пазбаўленні жыцця чалавека”, - заявіў прадстаўнік Папы ў АБСЕ, заклікаўшы да распрацоўкі этычных рамак для развіцця сістэм штучнага інтэлекту.

“Акрамя простай карыснасці ці эфектыўнасці, такія рамкі павінны гарантаваць, што гэтыя тэхналогіі распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца выключна дзеля спрыяння ўсебаковаму чалавечаму развіццю і агульнаму дабру”, - завяршыў прамову мансеньёр Гіра.
 

27 лютага 2025, 09:49