MAP

Педыятрычны шпіталь Bambino Gesù Педыятрычны шпіталь Bambino Gesù 

Шпіталь Bambino Gesù – у шасцёрцы найлепшых дзіцячых клінік свету

Ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù заняў шостае месца ў сусветным рэйтынгу спецыялізаваных медыцынскіх устаноў паводле версіі часопіса Newsweek.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пачынаючы з 2020 года, клініка Bambino Gesù штогод прызнаецца найлепшым дзіцячым шпіталем Італіі ў гэтым сусветным рэйтынгу. Сёлета бальніца паднялася на тры пазіцыі: з 9-га на 6-е месца.

Спіс Найлепшыя шпіталі свету (World’s Best Hospitals) – гэта прэстыжны рэйтынг, які складаецца на аснове рэкамендацый экспертаў, водгукаў пацыентаў і ключавых медыцынскіх паказчыкаў эфектыўнасці, такіх як бяспека пацыентаў, гігіена і якасць лячэння. У 2025 годзе ў даследаванні ўдзельнічалі 2445 клінік з 30 краін свету.

Шпіталь Bambino Gesù славіцца сваімі дасягненнямі ў галіне медыцынскай адукацыі, а таксама клінічных і навуковых даследаванняў. Ён атрымаў акрэдытацыю міжнароднай камісіі JCI як акадэмічны медыцынскі цэнтр, а таксама ўваходзіць у 20 з 24 еўрапейскіх сетак па рэдкіх захворваннях.

Штогод шпіталь аказвае больш за 2,5 мільёна амбулаторных паслуг, прымае 95 тысяч пацыентаў у аддзяленні неадкладнай дапамогі і выконвае больш за 30 тысяч хірургічных аперацый.

Як адзначыў кіраўнік клінікі Тыцыяна Анэсці, задача Bambino Gesù – “гарантаваць маленькім пацыентам якаснае, эфектыўнае і бяспечнае лячэнне”, застаючыся вернымі этычным каштоўнасцям і місіі, пра якую заўсёды нагадвае Святы Айцец: ставіць у цэнтр хворых дзяцей і іх сем’і.

27 лютага 2025, 11:26