MAP

Доктар Луіджы Карбоні і прафесар Серджа Альф'еры падчас прэс-канферэнцыі Доктар Луіджы Карбоні і прафесар Серджа Альф'еры падчас прэс-канферэнцыі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа ў Джэмэлі: добрая рэакцыя на тэрапію, але небяспека не мінула

Праз тыдзень пасля шпіталізацыі Папы ў клініку Джэмэлі адказныя за яго лячэнне – прафесар Серджа Альф’еры і доктар Луіджы Карбонэ – падрабязна расказалі пра стан здароўя Святога Айца.

Аляксандр Панчанка, Vatican News

Падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі, што адбылася 21 лютага 2025 года, медыкі падкрэслілі: стан Пантыфіка палепшыўся ў параўнанні з момантам яго шпіталізацыі, аднак лячэнне патрабуе часу і комплексных мер.

Прафесар Альф’еры, кіраўнік хірургічнага аддзялення клінікі Джэмэлі, адзначыў, што першапачаткова Папа атрымліваў лячэнне ад інфекцыі і аддышкі ў ватыканскім Доме святой Марты, дзе яму быў забяспечаны максімальны догляд. Аднак паколькі хатняе лячэнне не дало поўнага выніку, было прынята рашэнне аб шпіталізацыі. У цяперашні час за Папам назіраюць тры брыгады вядучых спецыялістаў – пульманолагі, гастраэнтэролагі, тэрапеўты і інфекцыяністы. У сувязі з агульным пагаршэннем стану здароўя Пантыфік таксама прайшоў кардыялагічнае абследаванне.

“Святы Айцец заўсёды хацеў, каб мы казалі праўду. Таму мы хочам развеяць усе сумневы – ніякай схаванай інфармацыі няма. Усё, што вы чыталі ў бюлетэнях – абсалютная праўда”, - адзначыў прафесар Альф’еры, падкрэсліўшы асабістае жаданне Францішка адкрыта інфармаваць журналістаў пра ход яго лячэння.

Медыкі таксама адзначылі, што хранічныя рэспіраторныя захворванні робяць Святога Айца ўразлівым пацыентам, тым больш што ён пакутуе ад полімікробнай інфекцыі. З улікам клінічнай карціны, якая ўключае двухбаковую пнеўманію, нельга сказаць, што “Папа па-за небяспекай”. Сітуацыя застаецца далікатнай, асабліва з улікам яго ўзросту. Але на дадзены момант яго жыццю нічога не пагражае, - падкрэсліў прафесар Альф’еры.

Адказваючы на пытанні журналістаў, медык адзначыў, што Святы Айцец валодае “неверагоднай стойкасцю” і “моцным сэрцам”, што дазваляе яму весці актыўны лад жыцця нават ва ўзросце 88 гадоў.

Паводле ўрачоў, шпіталізацыя Пантыфіка працягнецца як мінімум яшчэ на працягу наступнага тыдня. “Фармакалагічнае лячэнне патрабуе часу – часам некалькіх дзён, а часам і тыдняў, каб убачыць вынік”, - растлумачыў прафесар Альф’еры. Ён таксама падкрэсліў, што лячэнне будзе працягвацца столькі, колькі спатрэбіцца, а канкрэтных тэрмінаў пакуль назваць нельга.
 

21 лютага 2025, 20:06