MAP

Кардынал Тагле падчас ружанцовай малітвы за Папу Кардынал Тагле падчас ружанцовай малітвы за Папу   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Тагле ўзначаліў ружанцовую малітву за Папу Францішка

Прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі правёў малітву Ружанца на плошчы перад ватыканскай базілікай, просячы аб здароўі для Святога Айца Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

25 лютага 2025 года ў Ватыкане сабраліся шматлікія вернікі, духавенства і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса для ўдзелу ў малітве Ружанца ў інтэнцыі Папы. Малітоўнае чуванне ўзначаліў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі – Першай секцыі па евангелізацыі і новых партыкулярных Касцёлах.

"Няхай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Францішак адчуе любячую прысутнасць Уваскрослага Пана і салідарнасць хрысціянскай супольнасці", - сказаў іерарх ва ўступным слове. Удзельнікі малітоўнага чування разважалі балесныя таямніцы Ружанца. Кожная з таямніц была папярэджана кароткім чытаннем са Святога Пісання.

Ружанец адмаўляўся на італьянскай мове, хоць сярод шматлікіх вернікаў, якія сабраліся, былі людзі рознага паходжання: жыхары Рыма, духавенства, у тым ліку манахі і манахіні, святары, якія выкладаюць і вучацца ў папскіх універсітэтах. Шырока былі прадстаўлены кардыналы і супрацоўнікі ўстаноў Апостальскай Сталіцы, а таксама чальцы дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе.

Пасля заканчэння Ружанца была адспявана антыфона Salve Regina і Ларэтанская літанія. Схола таксама выканала Oremus pro Pontifice. Малітва завяршылася благаслаўленнем, якое ўдзяліў кардынал Тагле.

Гэтая малітоўная сустрэча стала выразам духоўнай еднасці і падтрымкі ўсяго Касцёла для Францішка, падкрэсліваючы цэнтральную ролю малітвы ў жыцці хрысціянскай супольнасці, асабліва ў момант, калі Касцёл моліцца за здароўе свайго Пастыра.
 

26 лютага 2025, 08:57