MAP

Кардынал Жаімэ Спэнглер Кардынал Жаімэ Спэнглер  

Кардынал Спэнглер: Папа – аўтарытэт не толькі для католікаў

У далікатны момант, які Папа перажывае з-за стану здароўя, “уся касцёльная супольнасць аб’яднана ў малітве, просячы Пана, каб захаваў яго моцным і ў добрым здароўі”. З такімі словамі звярнуўся кардынал Жаімэ Спэнглер да ўдзельнікаў апошняй сустрэчы прэзідыума Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM), якая адбывалася ў сталіцы Калумбіі, Багаце.

Ян Глінскі

Арцыбіскуп Порту-Алегры, а з 2023 года і старшыня біскупскай канферэнцыі Бразіліі нагадаў, што “Папа Францішак – не толькі кіраўнік Каталіцкага Касцёла, але і голас, які чуюць урады і іншыя суб’екты”.

Іерарх запэўніў, што біскупы Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна разам моляцца аб здароўі Пантыфіка, каб той і далей мог кіраваць шляхамі Касцёла і рэалізоўваць прынцыпы Евангелля.

Удзельнікі сустрэчы ў Багаце акрамя разважання над пытаннем сінадальнасці ўздымалі таксама тэму кліматычнага крызісу. “У сувязі з паглыбленнем кліматычных трагедый ва ўсім свеце, ахова клімату з’яўляецца выклікам, які датычыць усіх католікаў і які я б таксама ахарактарызаваў як прынцып веры”, – адзначыў кардынал Спэнглер.

Як паінфармавалі ў Апостальскай Сталіцы раніцай 27 лютага 2025 года, агульны прагноз адносна стану Пантыфіка застаецца асцярожным. Тым не менш, лёгкая нырачная недастатковасць, адзначаная ў апошнія дні, знікла. Камп’ютарная тамаграфія грудной клеткі паказала нармальнае развіццё запаленчай карціны лёгкіх. Упершыню за тыдзень стан Папы перастаў быць “крытычным”.

Шпіталізацыя са складанай інфекцыяй дыхальных шляхоў і лёгкіх з’яўляецца самай працяглай за яго амаль дванаццацігадовы пантыфікат.

28 лютага 2025, 09:41