Кардынал Рошэ: Маці Тэрэза з Калькуты – маяк надзеі для адрынутых
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў скіраваў ліст, у якім патлумачыў, што Папа пажадаў унесці ўспамін Маці Тэрэзы ў Агульны рымскі календар, “адказваючы на заклікі біскупаў, кансэкраваных асоб і аб’яднанняў свецкіх вернікаў, улічваючы ўплыў духоўнасці гэтай святой ва ўсім свеце”.
Адмысловы дэкрэт, абнародаваны 11 лютага 2025 года, датуецца 24 снежня 2024 года – днём, калі Францішак адкрыў Святую Браму ватыканскай Базілікі Святога Пятра, даўшы пачатак Юбілею на тэму надзеі.
“Няхай уключэнне гэтага ўспаміну ў Агульны рымскі календар дапаможа нам сузіраць гэтую жанчыну, маяк надзеі, маленькую ростам, але вялікую ў любові, сведку годнасці і прывілею пакорнага служэння ў абароне кожнага чалавечага жыцця і ўсіх тых, хто быў пакінуты, адкінуты як непатрэбны і пагарджаны нават у схаванасці мацярынскага ўлоння”, - напісаў у сваім лісце кардынал Рошэ.
Неабавязковы ўспамін Маці Тэрэзы будзе адзначацца ў Касцёле 5 верасня – у дзень нараджэння гэтай святой для Неба. Ватыканскі дэкрэт прадпісвае ўключыць яго ва ўсе літургічныя календары і кнігі. Літургічныя тэксты, абнародаваныя Святым Пасадам, павінны быць перакладзены на мясцовыя мовы, ухвалены, зацверджаны Дыкастэрыяй Божага культу і апублікаваны Канферэнцыямі Біскупаў.