Кардынал Марадзьяга: Папа не апускае рукі перад цяжкасцямі
Ян Глінскі
Гандураскі іерарх і адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў Пантыфіка верыць, што Святы Айцец вылечыцца ад цяжкай хваробы лёгкіх. Сваім аптымізмам ён падзяліўся ў інтэрв’ю для італьянскай газеты La Repubblica.
“Думаю, яшчэ не настаў час, каб ён адышоў да неба, – сказаў салезіянін. – Францішак усведамляе, што мае місію, якую павінен выканаць”.
Кардынал, між іншым, нагадаў, што хвароба для Пантыфіка не нагода, каб адпачываць. “Нават доўгая шпіталізацыя не з’яўляецца перашкодай у выкананні сваіх абавязкаў. Ведаю яго і ведаю, што ён не занядбае сваіх абавязкаў, нават маючы праблемы са здароўем”.
Кардынал Радрыгес Марадзьяга, былы арцыбіскуп Тэгусігальпы, лічыцца блізкім сябрам Папы Францішка. У 2013-2023 гадах ён быў каардынатарам Рады кардыналаў – папскай кансультатыўнай арганізацыі па рэформе Рымскай курыі.
Паводле інфармацыі Залы Друку Святога Пасада, Пантыфік правёў чарговую спакойную ноч у клініцы Джэмэлі, дзе 88-гадовы Папа знаходзіцца ад 14 лютага 2025 года з прычыны запалення лёгкіх.