Кардынал Краеўскі: тры гады няспыннай дапамогі Украіне ад Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“260 грузавікоў за тры гады вайны – гэта вельмі шмат, тым больш што гэтыя грузы трэба даставіць на адлегласць да 4 тысяч кіламетраў”, - расказаў у інтэрв’ю Vatican News кардынал Конрад Краеўскі. Ад пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання, якое пачалося 24 лютага 2022 года, ён дзевяць разоў наведваў Украіну, асабіста дастаўляючы гуманітарныя грузы ад Святога Айца і нясучы яго блізкасць да спакутаванага насельніцтва.
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні адзначыў, што на працягу трох гадоў Францішак дапамагае ўкраінцам не толькі матэрыяльна, але і духоўна і малітоўна, а такі від падтрымкі немагчыма вымераць. Акрамя таго, Папа няспынна заклікае ўвесь свет не забывацца пра гэту змучаную жорсткай вайной краіну.
Кардынал Краеўскі патлумачыў, што тып матэрыяльнай дапамогі, якая паступае ад Папы, залежыць ад інфармацыі з Украіны – ад нунцыя, біскупаў ці Caritas. “На Божае Нараджэнне я прывёз шэсць эхографаў – гэта вельмі неабходнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца пры першасных абследаваннях, на аснове якіх потым праводзяцца аперацыі. Яны былі размешчаны ў шпіталях, якія пацярпелі ад бамбардзіровак або не мелі такога абсталявання”, - расказаў ватыканскі іерарх.
Апостальскі элемазінарый нагадаў, што ў якасці дапамогі ва Украіну былі адпраўлены таксама машыны хуткай дапамогі і аўтамабілі для перавозкі раненых у зонах баявых дзеянняў. “Гэтыя аўтамабілі, асабліва карэты хуткай дапамогі, ратуюць жыцці. Папа выступае за жыццё”, - дадаў ён.
Па словах кардынала Краеўскага, дапамагаючы іншым, трэба кіравацца стылем Бога, якім, паводле Францішка, з’яўляюцца блізкасць, спагада і ласкавасць. Гэтымі прынцыпамі натхняўся і ён сам, калі напярэдадні мінулага Божага Нараджэння даставіў мабільны шпіталь ад Папы ў Харкаў – горад, які рэгулярна падвяргаецца бамбардзіроўкам і ракетным абстрэлам.
“Я прыехаў у Харкаў у другой палове дня. Калядную вігілію я правёў са святарамі, законніцамі, вайскоўцамі і ўсімі, хто змог прысутнічаць. Мы разам паелі, а ў 23:00 я сеў на цягнік назад у Кіеў”, - расказаў кардынал, падкрэсліўшы, што гэта было вельмі небяспечнае і рызыкоўнае падарожжа. “Але здавалася, што так зрабіў бы і Езус, і так зрабіў бы Папа, бо асабістая прысутнасць мае значэнне”, - дадаў Апостальскі элемазінарый.