MAP

Вывеска перад уваходам у ватыканскую паліклініку Вывеска перад уваходам у ватыканскую паліклініку  

Хто клапоціцца пра здароўе Папы ў Ватыкане?

Апошнія падзеі звязаныя са здароўем Папы Францішка прымусілі многіх задацца пытаннем: хто ж клапоціцца пра здароўе Пантыфіка?

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як нагадвае ACI Stampa, у Ватыкане гэтую функцыю выконвае , якое "забяспечвае ахову здароўя асобы і ахову грамадскага здароўя і гігіены, уключаючы бяспеку і здароўе работнікаў на працоўных месцах".

Згодна з артыкулам 13 Закона аб кіраванні Дзяржавай Ватыкан ад 25 лістапада 2018 года, у склад гэтай структуры ўваходзіць таксама Ватыканская аптэка, якая мае тэхнічную і адміністрацыйную аўтаномію. "Яна забяспечвае пастаўку і распаўсюджванне фармацэўтычных і парафармацэўтычных прадуктаў; вырабляе і прадае ўласныя лекі і галенавыя прэпараты", - гаворыцца ў дакуменце.

З 1 жніўня 2020 года кіраўніком Упраўлення з'яўляецца прафесар Андрэа Арканджэлі, які завяршае сваё пяцігадовае прызначэнне ў 2025 годзе. Раней ён працаваў урачом-спецыялістам у ватыканскай сістэме аховы здароўя і быў адказным за аддзяленне пасляаперацыйнай інтэнсіўнай тэрапіі ў рымскай клініцы Джэмэлі. Сёння яго намеснікам з'яўляецца Луіджы Карбонэ.

У мінулым у Ватыкане існавала пасада архіятра Пантыфіка – галоўнага ўрача Папы, які часта супрацоўнічаў з іншымі медыкамі, якія лячылі Пантыфікаў яшчэ да іх узыходжання на Пасад Пятра. Папа Бэнэдыкт XVI меў свайго ўрача – прафесара Патрыцыё Паліска, які клапаціўся пра яго здароўе да апошніх дзён, а Яна Паўла II суправаджаў прафесар Рэната Буцанэці.

Папа Францішак, як ён сам не раз адзначаў, даверыў клопат пра сваё здароўе медбрату Масіміліяна Страпэці, які займае пасаду каардынатара медсясцёр і медбратоў у Ватыкане і раней працаваў у клініцы Джэмэлі.

Галоўным профільным медыцынскім цэнтрам для Пантыфіка з'яўляецца Паліклініка імя Агасціна Джэмэлі Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, якая належыць Святому Пасаду. Ян Павел II называў гэтую ўстанову Ватыканам-3. У Джэмэлі, як папулярна называюць шпіталь, існуе спецыяльная медыцынская група для Папы, якую сёння ўзначальвае прафесар Серджыа Альф'еры.
 

25 лютага 2025, 11:02