Арцыбіскуп Палья: трэба спыніць спекуляцыі пра здароўе Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, як паведамляе ACI Prensa, выказаў занепакоенасць сітуацыяй вакол здароўя 88-гадовага Пантыфіка, які з 14 лютага 2025 года знаходзіцца ў шпіталі з двухбаковым запаленнем лёгкіх.
"Мы маем права непакоіцца, сітуацыя сапраўды далікатная, але нават у клопаце пра здароўе Папы нельга пераходзіць пэўныя межы", - падкрэсліў іерарх у інтэрв'ю.
"Папа папраўляецца і хутка вернецца ў Ватыкан. Я малюся, каб ён мог неўзабаве аднавіць сваю працу, якая больш чым каштоўная ў такі час, як цяперашні. Я б нават сказаў, што яна неабходная, улічваючы, наколькі складаная сітуацыя ў свеце і як не хапае пазітыўнага бачання", - адзначыў арцыбіскуп Палья.
Старшыня Папскай акадэміі асабліва падкрэсліў ролю Святога Айца ў міратворчых намаганнях. "Калі сёння ёсць прыкметы надзеі на мір, тым больш важна, каб Папа іх падтрымаў і зноў заклікаў усіх да справядлівасці, роўнасці і дыялогу", - падкрэсліў іерарх, спасылаючыся на сітуацыю ва Украіне і Святой Зямлі. Ён дадаў, што цяперашні стан гэтых канфліктаў "выключна няпэўны" і гарантаванне трывалага міру патрабуе сумесных намаганняў многіх бакоў.