MAP

Плошча Святога Пятра Плошча Святога Пятра  (vincenzo livieri)

Адмяняецца чарговае мерапрыемства з удзелам хворага Папы

Адменена спецыяльная суботняя юбілейная аўдыенцыя з прычыны працяглага знаходжання Папы ў шпіталі “Джэмэлі”, дзе ён лечыцца ад складанага захворвання дыхальных шляхоў і лёгкіх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Паколькі Святы Айцец усё яшчэ знаходзіцца ў шпіталі, спецыяльная аўдыенцыя Святога года, запланаваная на суботу, не адбудзецца", - паведамляе Зала Друку Святога Пасада.

Пакуль не было ніякіх афіцыйных заяў наконт удзелу Пантыфіка ў нядзельнай малітве "Анёл Панскі" ці ў літургіі Папяльцовай серады, якая адбудзецца 5 сакавіка 2025 года.

Спецыяльныя аўдыенцыі ў рамках Святога 2025 года, якія праходзяць прыблізна два разы на месяц па суботах, былі запланаваны для таго, каб даць магчымасць большай колькасці пілігрымаў сустрэцца з Папам. Падчас гэтага вялікага юбілею Каталіцкага Касцёла ў Рыме чакаецца некалькі дзясяткаў мільёнаў вернікаў.

З моманту шпіталізацыі Францішка 14 лютага 2025 года было адменена некалькі запланаваных мерапрыемстваў. Гэта датычылася двух нядзельных сустрэч на малітве "Анёл Панскі" і дзвюх агульных аўдыенцый па серадах. Аднак, нягледзячы на адмену, падрыхтаваныя прамовы Папы былі апублікаваныя ў пісьмовай форме.

Святы Айцец быў шпіталізаваны два тыдні таму пасля таго, як на працягу некалькіх тыдняў пакутаваў ад бранхіту. У шпіталі ў яго была дыягнаставана складаная інфекцыя дыхальных шляхоў і пачатковая двухбаковая пнеўманія. З цягам часу ў Пантыфіка ўзніклі астматычная задышка, лёгкая нырачная недастатковасць і анемія. Зараз захворванне знаходзіцца пад кантролем, аднак урачы яшчэ не робяць канчатковых высноў.

Варта адзначыць, што яшчэ ў маладыя гады ў Хорхэ Марыа Берголіа (свецкае імя Францішка) была выдалена частка правага лёгкага.
 

28 лютага 2025, 09:43