Саміт у Ватыкане: як 22 еўра ратуюць дзіцячыя мары
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дваццаць чатыры гады таму ў адной з вёсак Малаві Магнус Макфарлэйн-Бэроў сустрэў 14-гадовага Эдварда, які даглядаў сваю маці, што памірала ад СНІДу. На пытанне пра мары і спадзяванні хлопец адказаў проста: "Хачу мець дастаткова ежы і аднойчы пайсці ў школу". Гэтыя словы сталі пачаткам глабальнага дабрачыннага руху Mary's Meals.
Сёння Mary's Meals забяспечвае штодзённым харчаваннем больш за 2,5 мільёна дзяцей у 16 краінах свету. Арганізацыя працуе ў 5 тысячах навучальных устаноў, прычым, як падкрэслівае заснавальнік, усяго 22 еўра дастаткова, каб забяспечыць харчаваннем аднаго вучня на цэлы год.
Макфарлэйн-Бэроў кажа, што ў свеце дагэтуль 71 мільён дзяцей не могуць наведваць школу з прычыны галечы і голаду. "Іх пазбавілі будучыні: іх фізічнае развіццё часта незваротна пашкоджана, а недахоп адукацыі асуджае іх на беднасць", - адзначае ён у гутарцы з журналістамі.
Методыка працы арганізацыі грунтуецца на цесным супрацоўніцтве з мясцовым грамадствам. Прадукты закупляюцца ў мясцовых вытворцаў, ежу гатуюць валанцёры, якія потым размяркоўваюць яе ў школьных сталоўках.
Вынікі ўражваюць: у Кеніі, Малаві, Ліберыі і Замбіі 84 працэнта дзяцей больш не кідаюць навучанне ў школе з прычыны голаду, а 99 працэнтаў настаўнікаў адзначаюць, што школьныя абеды істотна паўплывалі на змяншэнне колькасці тых, хто кідае навучанне. Да пачатку арганізацыі харчавання толькі 36 працэнтаў вучняў маглі добра канцэнтравацца на занятках, цяпер гэты паказчык узрос да 98 працэнтаў. Гэта станоўча адбіваецца не толькі на паспяховасці, але і на агульным дабрабыце дзяцей.
"У год Юбілею было б цудоўна, калі б мы прынялі заклік Папы стаць пілігрымамі надзеі, паабяцаўшы кожнаму дзіцяці абед у месцы навучання. Няма лепшага спосабу гарантаваць кожнаму дзіцяці права на надзею", - падкрэслівае заснавальнік Mary's Meals.