Новыя жорсткія санкцыі за парушэнне меж Ватыкана
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы дэкрэт, падпісаны 19 снежня 2024 года старшынёй Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, кардыналам Фернанда Вергесам Альсагам, прадугледжвае бяспрэцэдэнтныя меры бяспекі і санкцыі за іх парушэнне.
Згодна з новымі правіламі, за сілавое пранікненне, пагрозы ці падман пры ўездзе на тэрыторыю Ватыкана прадугледжаны штрафы ад 10 да 25 тысяч еўра і пазбаўленне волі ад аднаго да чатырох гадоў.
Несанкцыянаванае выкарыстанне дронаў і іншых лятальных апаратаў над Ватыканам будзе таксама жорстка карацца. За такія парушэнні прадугледжана пазбаўленне волі ад шасці месяцаў да трох гадоў і штраф да 25 тысяч еўра.
Новаўвядзеннем з'яўляецца магчымасць забароны ўезду на тэрыторыю Ватыкана на тэрмін да 15 гадоў. Парушэнне гэтай забароны можа прывесці да пазбаўлення волі ад аднаго да пяці гадоў.
Істотным новаўвядзеннем з'яўляецца таксама паскораная судовая працэдура. Парушальнік можа быць выкліканы ў суд ужо на наступны дзень пасля атрымання скаргі або неадкладна пасля допыту.
Новыя меры закранаюць не толькі тэрыторыю, абмежаваную ватыканскімі мурамі, але і ўсе аб'екты са статусам экстэрытарыяльнасці, уключаючы папскія базілікі святога Яна на Латэране, Санта-Марыя-Маджорэ і святога Паўла па-за Мурамі.