MAP

Аўдыенцыя для сем'яў супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў. Ілюстрацыйнае фота Аўдыенцыя для сем'яў супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Ватыкан: новыя меры падтрымкі шматдзетных сем’яў

Папа анансаваў пашырэнне сацыяльнай падтрымкі для супрацоўнікаў структур, якія знаходзяцца ў ведамстве Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, надаючы асаблівую ўвагу шматдзетным сем’ям. Новыя меры ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Ключавым новаўвядзеннем стала штомесячная дапамога ў памеры 300 еўра для сем’яў, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей. Гэтая мера сацыяльнай падтрымкі мае доўгатэрміновы характар: выплаты будуць ажыццяўляцца да дасягнення дзіцём 18-гадовага ўзросту. У выпадку, калі дзіця працягвае навучанне, тэрмін выплат можа быць падоўжаны да 24 гадоў пры ўмове прадастаўлення адпаведных дакументаў аб навучанні ў каледжы ці ўніверсітэце.

Акрамя фінансавай падтрымкі, новы пакет сацыяльных мер уключае ў сябе павелічэнне працягласці бацькоўскага адпачынку. Колькасць аплатных дзён адпачынку з нагоды нараджэння дзіцяці павялічваецца з трох да пяці. Дадзеная мера распаўсюджваецца не толькі на біялагічных бацькоў, але і на прыёмных бацькоў і апекуноў.

Рашэнне было прынята Папам Францішкам. 19 снежня 2024 года ён асабіста паінфармаваў аб новаўвядзеннях кардынала Фернанда Вергес Альзагу, старшыню Губернатарства Дзяржавы Ватыкан, і сястру Рафаэлу Петрыні, якая займае пасаду Генеральнага сакратара. Пантыфік распарадзіўся пачаць неадкладную рэалізацыю дадзеных мер.
 

16 студзеня 2025, 09:27