MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

У Ватыкане распрацавалі прынцыпы выкарыстання штучнага інтэлекту

Выкарыстанне штучнага інтэлекту павінна быць этычным і адпавядаць місіі Касцёла, гаворыцца ў кіруючых прынцыпах, распрацаваных Дзяржавай Ватыкан. Новыя нормы грунтуюцца на прынцыпах павагі да чалавечай годнасці, гарантыі бяспекі, празрыстасці і этыкі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У кіруючых прынцыпах разглядаюцца такія актуальныя аспекты штучнага інтэлекту (ШІ), як этыка і празрыстасць. Дакумент сцвярджае, што штучны інтэлект павінен быць арыентаваны на агульнае дабро, служыць дабрабыту чалавека. Рашэнні, якія прымаюцца аўтаматызаванымі сістэмамі, павінны быць яснымі, празрыстымі і адпавядаць этычным прынцыпам.

Антрапацэнтрычнасць і бяспека

Штучны інтэлект не павінен замяняць чалавека, але дапамагаць яму, служыць чалавеку, а не дамінаваць над ім, каб апошняе слова заўсёды заставалася за чалавекам. Вельмі важным аспектам з'яўляецца бяспека і ахова персанальных даных, асабліва біяметрычных.

Недапушчэнне дыскрымінацыі

Штучны інтэлект павінен пазбягаць прадузятасці ў адносінах да людзей, гарантаваць роўнасць, а таксама эканамічную і экалагічную ўстойлівасць.

Кантроль і маніторынг

Штучны інтэлект патрабуе пастаяннага маніторынгу, каб гарантаваць правільнасць атрыманых вынікаў і адпаведнасць прынцыпамі празрыстасці.

Сумяшчальнасць з місіяй Касцёла

Выкарыстанне штучнага інтэлекту не павінна наносіць шкоду пастырскай місіі Папы, ставіць пад пагрозу Касцёл ці ўступаць у канфлікт з інстытуцыйнай дзейнасцю Дзяржавы Ватыкан. Для гэтага патрабуецца асаблівая ўвага пры выкарыстанні тэхналогій у кантэкстах, якія маюць асаблівыя этычныя і маральныя патрабаванні.

Выпадкі забароны на выкарыстанне штучнага інтэлекту

Кіруючыя прынцыпы таксама прадугледжваюць некаторыя выпадкі, у якіх прымяненне штучнага інтэлекту забаронена: напрыклад, у мэтах дыскрымінацыі і нанясення псіхалагічнай ці фізічнай шкоды. Выкарыстанне штучнага інтэлекту строга забараняецца ў выпадках, калі ён абмяжоўвае доступ людзей з інваліднасцю. Іншымі словамі, штучны інтэлект  павінен быць даступны для ўсіх, уключаючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Штучны інтэлект павінен паважаць дзяржаўную бяспеку, грамадскі парадак і не можа супярэчыць місіі Каталіцкага Касцёла.

Прымяненне штучнага інтэлекту ў розных сферах

Кіруючыя прынцыпы ўтрымліваюць таксама нормы, якія рэгламентуюць выкарыстанне штучнага інтэлекту у розных сферах дзейнасці, такіх як навуковыя даследаванні, ахова здароўя, судовая дзейнасць, адміністрацыйныя працэдуры, інфраструктура і паслугі, творчая і мастацкая дзейнасць. Падкрэсліваецца, што Дзяржава Ватыкан валодае эканамічнымі і аўтарскімі правамі на кантэнт, створаны штучным інтэлектам на яе тэрыторыі.

У сферы бяспекі выкарыстанне ШІ будзе рэгулявацца спецыяльным нарматыўным дакументам. Плануецца таксама стварыць спецыяльную камісію, у склад якой увойдуць пяць членаў – спецыялісты ў галіне юрыспрудэнцыі, тэлекамунікацыі, інфармацыйных сістэм і бяспекі.

21 студзеня 2025, 13:57