L'Osservatore Romano: Трамп і выклікі для будучай Амерыкі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Намеснік дырэктара Дыкастэрыі па камунікацыі Аляксандр Джызоці ў сваім рэдакцыйным артыкуле разглядае складаныя выклікі, якія чакаюць новага прэзідэнта ЗША. Аўтар падкрэслівае, што свет далёкі ад "канца гісторыі", які прадказвалі некаторыя палітолагі пасля падзення Берлінскай сцяны.
"Сёння мы жывём у шматпалярным свеце, які робіць пошук згоды, асабліва ў крызісных сітуацыях, больш складаным і менш прадказальным", - адзначаецца ў артыкуле.
Выданне Святога Пасада нагадвае, што гістарычна ЗША дасягалі найбольшага поспеху, калі адкрываліся свету. Падкрэсліваецца, што менавіта Арганізацыя Аб'яднаных Нацый з'яўляецца "амерыканскім вынаходніцтвам".
L'Osservatore Romano цытуе прамову Папы Францішка ў Кангрэсе ЗША, дзе ён вылучыў чатыры постаці вялікіх амерыканцаў: Лінкальна, Марціна Лютэра Кінга, Дароці Дэй і Томаса Мертана, якія ўвасаблялі сапраўдныя каштоўнасці амерыканскай нацыі.
"Гэтыя каштоўнасці зрабілі Амерыку вялікай, і свет па-ранейшаму мае ў іх патрэбу", - падкрэслівае выданне.