Коавакад: захоўваць тоеснасць не значыць узводзіць муры
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Здзіўленне, радасць і вялікая трывога ў сувязі з вялікай адказнасцю змяніць на пасадзе мудрага і добрага кардынала Аюса Гішота і чалавека глыбокай веры, нястомнага будаўніка міру кардынала Тарана”, - такімі словамі кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад пракаментаваў сваё прызначэнне на пасаду прэфекта Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу. Пра намінацыю паведаміла 24 студзеня 2025 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
У інтэрв’ю Андрэа Тарніелі, галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада, 51-гадовы індыйскі іерарх расказаў, што нарадзіўся і вырас у шматкультурным і шматрэлігійным грамадстве, таму цудоўна ўсведамляе, што адметнасці – гэта багацце.
“Мы не павінны адмаўляцца ад уласнай тоеснасці, але хутчэй усведамляць, што тоеснасць не з’яўляецца і не павінна быць прычынай для ўзвядзення муроў і дыскрымінацыі іншых, а заўсёды магчымасцю будаваць масты”, - сказаў ён, дадаючы, што “міжрэлігійны дыялог – гэта не проста дыялог паміж рэлігіямі, але таксама паміж вернікамі, якія пакліканы сведчыць у свеце пра прыгажосць веры ў Бога і практыкаваць братэрскую любоў і павагу”.
Кардынал Коавакад, які раней быў каардынатарам папскіх апостальскіх падарожжаў, адзначыў, што ў новым служэнні яму павінен дапамагчы досвед узаемадзеяння і супрацоўніцтва з лідарамі іншых рэлігій, атрыманы падчас арганізацыі паездак Святога Айца, у прыватнасці ў краіны, дзе хрысціяне складаюць меншасць насельніцтва. У гэтым кантэксце ён таксама падкрэсліў каштоўнасць вопыту, набытога падчас дыпламатычнага служэння ў нунцыятурах у Алжыры, Паўднёвай Карэі і Іране.